Ідэалу вачэй антычнасць нам не пакінула. Можа, менавіта ў вачох маёй каханай і хаваўся той сакрэт, пра які казаў лорд Веруламскі. Яны былі, я ўпэўнены, нашмат большыя за звычайныя чалавечыя вочы. Яны былі дасканалейшыя нават за газеліныя вочы племені з даліны Нурджахаду*. Аднак вельмі рэдка – толькі ў часы глыбокага хвалявання – гэтая асаблівасць Лігеі рабілася злёгку заўважнай. І ў такія моманты яе прыгажосць – ці так падавалася майму палкаму ўяўленню? – была прыгажосцю істотаў, што жывуць над зямлёй ці па-за зямлёй, – прыгажосцю казачных мусульманскіх гурыяў. Вочы яе мелі самае бліскучага адценне чорнага, і іх аблямоўвалі смаляныя вейкі неверагоднай даўжыні. Бровы, крыху няправільна выгнутыя, мелі той самы колер. «Дзіўнасць», якую я заўважаў у яе вачах, не была абумоўленая, аднак, ні памерам іх, ні колерам, ні бляскам – яна была ў выразе. О гэтае няўцямнае слова! За яго неасяжнай пустэчай мы хаваем сваё поўнае няведанне духоўнага. Выраз вачэй Лігеі! Колькі доўгіх гадзінаў я думаў пра яго! Марна спрабаваў я спасцігнуць яго глыбіні адну цэлую летнюю ноч. Што хавалася ў зрэнках маёй каханай – глыбейшае за калодзеж Дэмакрыта*? Што? Я быў апанаваны жаданнем знайсці адказ. Гэтыя вочы! Вялікія, бліскучыя, боскія вочы! Яны сталі маімі двайнымі зорамі Леды*, а я – найадданейшым з астролагаў.
Сярод усіх неспасцігальных анамалій, якія вывучае навука пра розум, няма больш узрушальнай за пачуццё – на яго, пэўна, і не зважаюць навукоўцы, – якое ўзнікае, калі мы спрабуем згадаць нешта даўно забытае і, здаецца, ужо набліжаемся да адказу – але