Нягледзячы на тое, што нашыя стасункі ў дзяцінстве можна было нават назваць блізкімі, я няшмат ведаў пра свайго сябра. Ён заўсёды быў надзвычай замкнёны. Тым не менш мне даводзілася чуць, што прадстаўнікі ягонага старажытнага роду здаўна вылучаліся празмернай чуллівасцю тэмпераменту, які цягам стагоддзяў знаходзіў увасабленне ў творах высокага мастацтва, а з некаторага часу выяўляўся ў пастаяннай і шчодрай, але ненавязлівай дабрачыннасці, як, дарэчы, і ў гарачай прыхільнасці не столькі да звыклай і лёгкапазнавальнай, колькі да вышукана прыгожай музыкі. Калісьці я даведаўся таксама пра той цікавы факт, што генеалагічнае дрэва асвечанага стагоддзямі роду Ашэраў ніколі не давала моцных галінаў; іншымі словамі, род працягваўся толькі па асноўнай лініі, і так было, за выняткам некалькіх нязначных і недаўгавечных адхіленняў, заўжды. Магчыма, гэты дэфект, разважаў я, думаючы пра незвычайную адпаведнасць выгляду маёнтка ўсім вядомаму характару яго гаспадароў і дапускаючы магчымасць уплыву, які цягам доўгіх стагоддзяў першы мог зрабіць на другі, – гэты дэфект, гэтая адсутнасць пабочных галінаў роду і, як вынік, пераход спадчыны, разам з імем, ад бацькі да сына па наўпростай лініі, нарэшце настолькі зблізіў уладароў і ўладанні, што імя і назва зліліся ў дзіўным і двухсэнсоўным найменні «Дом Ашэраў», найменні, якое ва ўяўленні сялянаў, што жылі тут, аб’ядноўвала род і родавае гняздо.
Я ўжо сказаў, што адзіным вынікам майго ў нечым дзіцячага эксперымента, калі я разглядаў адлюстраванні ў возеры, было тое, што першае неадназначнае ўражанне толькі ўзмацнілася. Без сумневаў, усведамленне таго, што мая забабоннасць (чаму б мне не назваць гэта так?) імкліва ўзрастае, толькі спрыяла гэтаму росту. Такім ёсць, як я даўно ўжо ведаў, парадаксальны закон усіх пачуццяў, што грунтуюцца на страху. І, пэўна, толькі з гэтай прычыны ў момант, калі я чарговым разам падняў позірк з адбітку дому ў стаўку на сам дом, нарадзілася ў маёй свядомасці ілюзія настолькі дзіўная і недарэчная, і нават больш за тое, што я згадваю яе толькі, каб даць уяўленне пра незвычайную сілу адчуванняў, якія апанавалі мяне. Мая фантазія настолькі разгулялася, што я насамрэч паверыў, быццам маёнтак ахінае атмасфера, уласцівая толькі яму і ваколіцам, – атмасфера, якая не мела нічога агульнага з паветрам і небам, паўстаўшы з выпарэнняў ад гнілых дрэваў, ад шэрых сценаў, ад маўклівага возера, згубная