– А мы ёй тады з кустоў гэтак: ку-ку! Хадзем, нешта цікавае раскажу.
– Не, не пайду, – адмовілася яна, павагаўшыся. – Баюся я цябе. Можа, маніш ты, што твая маці – полька. Можа, ты чысты рускі ашуканец.
– Я ашуканец?! Хто табе сказаў такое?
– Казік сказаў.
– Казік? Ды я яму метрыку пакажу, пашпарт, ваенны білет, там чорным па белым… Я яму давяду, хто я. Ах, Госпадзі! Я – і ашуканец! Я, старшы унцер-ахвіцэр, узнагароджаны крыжам і медалямі! Я, каму казна даверыла столькі народу, такія работы! Ах, Каруська, каб жа ты бачыла, што ў маёй душы робіцца, ты б так не сказала! І каго мне ашукваць? Цябе, сіротку амаль, бутон маладзенькі? Красавіцу ненаглядную! Каруська! Ты крашэ царэўны! Ты архангел небесны! Ты русалка! Ты цветок араматны! Канфекта салодкая! – ён умела ліслівіў і залагоджваў, а сам тым часам прыціскаў яе да сябе ўсё мацней і зводзіў у патрэбным яму кірунку.
– Не цягні мяне сілай, а то закрычу! – усклікнула дзяўчына, уражаная яго настойлівасцю і нязвыклым тонам. – Пусці, Пеця! Я цябе баюся.
– Чаму, Каруська? Ты ж мая ўладычыца, я раб твой…
– Пусці! – сурова паўтарыла яна і рванулася, спрабуючы вызваліцца.
Адным скачком Косцік апынуўся побач з імі.
– Ты па якім праве дзеўку гвалтам у кусты цягнеш! – рыкнуў ён, хапаючы унтэра загрудкі.
Узводны пацягнуўся па рэвальвер, але як толькі выцягнуў яго з кабуры, Косцік імгненна вырваў яго ў вайскоўца з рук і цюкнуў таго барабанам па галаве. Узводны ўсхліпнуў і безжыццёва зваліўся на зямлю. Каруся з усіх ног пабегла да паляны, злякана лямантуючы:
– Ааааай! Б’юцца! Ратуйце, б’юцца!
Першым дабег сапёр, што гуляў з Касяю.
– Дзе б’юцца? – крыкнуў ён Косціку, які, ашаломлены здзейсненым злачынствам, аслупянела стаяў побач са сваёй ахвярай.
– Дзе ўзводны?
Косцік паказаў на кусты.
– Што?! Забіты?! Хто яго?! Госпадзі! Пётр Нікалаевіч! – нахіліўся над целам сапёр і пачаў тармасіць. – Пётр Нікалаевіч, што з вамі? Уставайце! Хто вас?
Тут падбеглі Казік, Стах і Аніхоўскі.
– Што ты нарабіў?! – крыкнуў Казік Косціку, які ўсё яшчэ стаяў нерухомы, як статуя. – І ціха дадаў: – Уцякай, пакуль можна.
Косцік маланкай скокнуў у хмызняк.
ХХ. Высвятленне абставінаў
– Вады яму! – загадаў Казік. – Стаху! Вады ў шапку, хутчэй!
Расшпілілі форму, намачылі грудзі, улілі ў рот вады, расціснуўшы зубы шчэпкай, папырскалі ў твар – нічога.
Тым часам вакол збіраўся натоўп. Беглі з усіх бакоў сапёры, цывільныя, мужчыны, дзяўчаты, смалерчукі і рускія з суседніх буданоў. Пытанні, адказы, спачуванні, каманды і пагрозы перапляталіся паміж сабой:
– Чым ён яго стукнуў? Што за Косцік? Шворнам Яшчэ вады! Пад палявы суд пойдзе. Калом ударыў. Узялі ўжо. Падводу, падводу падайце! На кавалкі яго без суду разарваць! Не ўцёк яшчэ лях пракляты. Госпадзі… такі салдацік, такі красавец…
Ужылі ўсе спосабы ратунку: мачылі, паілі, тармасілі, крычалі, калыхалі ў плашчы – усё марна.