Ён заліваўся слязьмі, стагнаў, выў, качаўся па зямлі, выдзіраў траву пальцамі. Шум вечарынкі, што даносіўся здалёк, толькі дадаваў горычы. Рэзкія гукі цымбалаў калолі яго шпількамі ў патыліцу, салодкія ноты скрыпак вострым шклом кроілі сэрца. Ён прыслухаўся – гралі польку. «Мабыць, круцяцца там цяпер і адно да аднаго прыціскаюцца, – падумалася яму. – Ох, калі б сваім пакаранне потым не пагражала, я б цябе, гадзіна, так скруціў, што ты б ужо не разагнуўся. Я б не паглядзеў на твае нашыўкі і тваё званне!»
Косцік адышоў да рэчышча, каб не чуць гукаў, якія яго мучылі. Напіўся вады і лёг ля ракі на пяску, разглядаючы бераг. Плынь цякла сумна, змрочна і неяк злавесна, і з яе шуму нібыта пачалі выбівацца галасы:
– Леснічонак-абадранец! Панскі парабак! Куды ты пнешся? Не для цябе яна. Для пана з фальварку, для афіцэра, для графа расце гэтая кветачка!
«Хоць бы не звар’яцець», – з трывогай падумаў Косцік.
Ён падняў вочы на бор за ракою – а той нібыта сваім ценем з яго кпіў. З гушчару даносіўся піск начнога птаха, ці зайца, а можа, рыпенне дрэва, а ўражанаму Косціку здавалася, што хтосьці крычыць на яго: «Ты нуль супраць унцера, нуль… нуль… нуль!..» Паглядзеў на неба – і месяц пагардліва скрывіў на яго круглявую пысу.
Косцік схаваў твар у траву, каб зусім не бачыць свету.
Ён успомніў абяцанне Казіка і на хвіліну адчуў палёгку. Але потым падумаў, што унтэр можа быць з якой важнай польскай сям’і, таму Сакалоўскія ўзрадуюцца такой партыі, і яго зноў ахапіў адчай.
Ён ляжаў і мучыўся сваёй бядою, аж пакуль не пачуў з боку будана памацнелы галас. Косцік падняўся і крыху прайшоў уверх, не пакідаючы рэчышча. Моладзь ужо разыходзілася. Смалерчукі, згодна са звычаем, праводзілі гасцей. Некаторыя развітваліся перад буданом, заўзята штосьці абмяркоўваючы наастатак, іншыя даводзілі аж да сцяжыны і далей у розныя бакі. Сярод тых, хто пайшоў на поўдзень, адгадваліся і дзявочыя фігуркі. Косціка закалаціла ад думкі, што паміж імі ёсць і Каруся, якая праводзіць свайго унтэра. Ён выцягнуў шыю і прыгледзеўся, але праз месяцовае сяйво нічога не змог разабраць.
Тут ён заўважыў, што дарога бяжыць наўскасяк і збліжаецца з ракой, таму хутка пайшоў рэчышчам, каб зайсці спераду і разгледзець тую групу зблізку. Рухаўся хутка і без перашкодаў, бо дажджу не было ўжо некалькі тыдняў і паміж вадой і абрывам сталага берага была доўгая сухая паласа.
Там, дзе дарога заходзіла ў дуброву, паміж ёй і ракой было не больш за пяць сажняў. Дайшоўшы туды, Косцік стаіўся ў цені кустоўя і прыгледзеўся.
Спачатку прайшло некалькі сапёраў, насвістваючы «Сценьку», потым вялікая група цывільных хлопцаў, за імі Каська пад руку з сапёрам і Зоська з Аніхоўскім