Дзеўкі, відаць, чакалі ад хлопцаў якогасьці паскудства, бо, зайшоўшы ў ваду, спыніліся і пачалі ўглядацца ў алешнік. Не заўважыўшы нічога падазронага, яны паднялі спадніцы і павольна пайшлі. Ішлі асцярожна, агаляючыся роўна настолькі, наколькі даставала вада. На сярэдзіне дарогі яны ўсё ж заўважылі нязваных, усчалі крык і пачалі спалохана хавацца адна за адну.
– Паскуднікі! Паршыўцы! А ну вылазьце адтуль! – крычалі яны ў алешнік.
Юзік з Віцькам гучна смяяліся ў адказ.
– Распуснікі! Свінтухі, каты памаўзлівыя! Вылазьце, а то атрымаеце! – лаяліся і гразіліся дзяўчаты, але марна.
– Ціха, дзеўкі, мы з Міхалінаю зараз вас перавядзем, – супакоіла іх Забэла Паклацкая з Ямаў, кабета пад сорак, тоўстая і шырокая ў клубах, як печ. – Хадзем, што нам, бабам, – звярнулася яна да ўдовай Міхаліны Вінярскай.
Яны ўдзвюх загарадзілі дзяўчат, павярнуліся да алешніку задам і як мага вышэй задралі спадніцы.
– Ідзіце, дзяўчаткі, цяпер хай любуюцца.
Дзяўчаты і хлопцы, што назіралі здалёк, выбухнулі смехам.
– Хлопцы, сядзіце роўна, мы вас сфатаграфуем!
– Картачкі бясплатныя мець будзеце, толькі вочы закрыйце, а то ад вялікага бляску аслепнуць можна! – несліся да бясстыднікаў кпіны з абодвух бакоў.
Юзік з Віцькам уцякалі ў бор як мыла з’еўшы.
Праз некалькі хвілін усе рушылі далей, разбіўшыся на пары і ўтварыўшы доўгі караван.
Убраныя ўсе былі святочна і па-польску: хлопцы – у крамных гарнітурах, пашытых па-местачковаму, у канфедэратках ці кепі, дзяўчаты – у гладкіх цёмных спадніцах, муслінавых кофтачках і квяцістых хустках, завязаных пад косамі, альбо ў ядвабных шалях. Усе, апроч дарослых хлопцаў, ішлі басанож, несучы абутак у руках.
Сакалоўская ішла ў сярэдзіне калоны побач з Касяй Сцяпурай, старэйшай за яе на год. Стах з Косцікам прайшлі міма некалькіх параў і апынуліся побач з імі.
– Зашмат клункаў для жаночых ручак у вас, – паведаміў ззаду Косцік.
– Калі так нас шкадуеш, узяў бы што і паднёс, – адказала Кася.
– Дык давай панясу!
– Тады ў Карусі вазьмі, у яе болей.
– Абедзве давайце ўсё, што ёсць, – сказаў ён, баючыся, што Каруся пасаромеецца скарыстацца яго дапамогай.
– Добра, дзякуй. Вось, вазьмі, калі ласка, мае чаравікі, – падзякавала Кася, а Каруся аддала Косціку свой вузялок з хлебам і таксама чаравікі. Хлопец павесіў усё на кій, закінуў яго на плечы і пайшоў са Стахам за дзяўчатамі, заводзячы з імі размову.
– Але ж і народу сёлета са Смалярні на фэст ідзе!
– І гэта толькі пешкі, а калёсамі вязуць колькі – не злічыць, – адгукнулася Каруся.
– Я чуў, што гэты фэст будзе вялікі як ніколі.
– Так, вельмі шмат людзей, а яшчэ, кажуць, з далёкіх парафій машынамі прыедуць. А ведаеце, колькі ксяндзоў будзе?
– Як найменш дваццаць мусіць быць.
– Дзед Амбражэй казаў, што дваццаць пяць, не лічачы семінарыстаў.
– Ого, аж столькі!
Ззаду падышлі