Уварваўся ў найбліжэйшую стадолу, бегае, глядзіць, шукае хоць чаго прыдатнага ў рукі схапіць. Нічога няма. Па адным баку – пусты воз на колах, па другім – высокая горка саломы. Хоць бы кавалак дрэва. А вароты без клямкі, не замкнешся.
Часу ўжо зусім няма – ні на развагі, ні на ўцёкі. Ужо чуваць галасы за сцяной, ужо ўваходзяць у вароты нападнікі.
Косцік падае на салому, адразу ж ускоквае і лезе ўверх. Нягоднікі забягаюць і караскаюцца за ім.
Косцік залез першы – у самы кут пад самым дахам. Сцягнуў бот, узяўся за канец халявы і давай лупіць паскуднікаў па галовах цяжкім кутым абцасам.
– Вось табе, кацап! Вось табе, свінапас! Зараз мы з вамі разлічымся, зараз я вас навучу. Пайшоў прэч, хрэн сабачы! Валі адсюль, свінюка! – прыгаворваў ён.
Хлопцы калодамі скочваліся ўніз і з плачам хапаліся за галаву.
Праз некалькі хвілінаў усю стадолу запаланілі вучні, і паветра зазвінела ад жахлівых пракляццяў, воклічаў, падказак, камандаў і плачу. Не прызнаючы паразы, удальцы лезлі ўверх, падстаўлялі адзін аднаму плечы, спрабавалі збіць зацятага шэршня – і з енкамі валіліся ўніз.
– Зараз я з вамі паваюю, зараз навучу! А вось табе, канакрад! І табе, свінапас! Лезьце, лезьце, людарэзы! – крычаў раз’юшаны Косцік, малоцячы ботам без разбору.
У стадолу забег настаўнік і, убачыўшы, што дзеецца, пачаў заклікаць апамятацца і загадваць спыніць «гульню».
– Васілеўскі, апамятайся! Ты ж такім ботам і забіць хлопцаў патрапіш! Апамятайся! Хопіць ужо, дзеці, у клас, у клас!
– Ага, цяпер, як вашы рускія абгадзіліся, дык у клас! – роў Косцік. – Не, я яшчэ паваяваць з вамі, кацапы, хачу! Людарэзы! Свінапасы! Скуралупы! Ваданосы жыдоўскія! Тхары! Ну, хадзі сюды, паваюем!
– Дзеці, у клас, – паўтарыў настаўнік. – Пакіньце яго, ён звар’яцеў. У клас!
XI. На сваё
Бойка з іншаверцамі нарабіла шмат шуму ў Вончы і клопату – Грывеню. Габрэйскі кагал праз адваката перадаў скаргу ў інспекцыю. Дзве польскія шляхецкія сям’і ініцыявалі справу аб збіцці сваіх сыноў у Дваранскім земстве. Праз тыдзень прыехала начальства, пачаліся «дапросы» і следства. Адчуваючы сваю віну, Грывень непакоіўся і баяўся, а іншаверцы цешыліся. Палякі прагназавалі, што яго не толькі звольняць з Вончы, але і зусім служыць забароняць. Габрэі – што ў кайданы закуюць і на Сахалін вышлюць, на катаргу.
Але і тыя, і іншыя памыліліся. Следства скончылася, «начальства» з’ехала, а Грывень дзе быў, там і застаўся. Відавочна, яго хацелі перавесці, але руская грамада, папом падгавораная, не дазволіла. Большасць бацькоў рускіх вучняў сцяной стала перад «начальствам» і засведчыла, што палякі і габрэі самі хацелі біцца, што Грывень – выдатны настаўнік і выхаваўца, а таму вельмі прасілі пакінуць яго ў Вончы. Тое, што ён іхных сыноў біў, яны лічылі звычайным і нават пажаданым, бо мужык заўсёды ад начальства ў морду атрымліваў, а з нябітых дзяцей, на іхную думку, прыстойных