Лісты Гурыновіча да гэтых асобаў не вядомыя. А вось тое, што прыходзіла на рукі яму, у пляменніцы захавалася. Я пачаў думаць: што, калі змясціць гэтыя лісты, а да іх дадумаць, што мог пісаць Гурыновіч у адказ, – выкарыстоўваючы яго стыль? Гэта магла б быць драма. І я зрабіў сцэнарый для тэлефільма ці тэлеперадачы – не памятаю ўжо. Гэта прайшло, адбылося – і знікла: тады ж не было моды, каб аўтар атрымаў на памяць запіс праграмы. А ў мяне нават і тэксту не засталося. І калі Раіса Баравікова мне так сказала, я пачаў пісаць нанава. Трэба ж было менавіта ў гэты час звярнуцца да мяне Алесю Карлюкевічу – з просьбай узнавіць працу над «Літаратурнымі мясцінамі Беларусі». Так я пераключыў увагу – і п’еса выйшла з-пад майго кантролю.
Дзеючыя асобы ў ёй – Адам Гурыновіч, маці яго, Станіслава Пяткевіч і Ружа Швайніцкая. У тых лістах і вершыкі нават былі: гэта ўсё дакументальнае… Але сапраўды – згублена ў рэдакцыі.
То будзе ж некалі нават і вельмі цікава! Вы толькі сабе ўявіце: роля «Маладосці» ў вяртанні твора Мальдзіса…
Уладзімір Гніламёдаў. Актуальная размова пра мінулае
– Паслухаеш успаміны старэйшых пісьменнікаў – і тагачасная рэдакцыя пачынае ўяўляцца не офісам, у якім ствараецца часопіс, а клубам па інтарэсах. Працоўны дзень працягласцю ў дзве гадзіны і толькі для таго, каб рэдактару сустрэцца з аўтарамі. Фантастычны расклад!
Акадэмік Гніламёдаў, Уладзімір Васільевіч, далёка не першы, хто адказвае на гэта, можа быць, ужо і зацяганае, але усё яшчэ актуальнае пытанне.
– Сапраўды, працавалі недзе з дванаццаці. Бо ранкам рэдактару добра папрацаваць самому: ён жа таксама пісьменнік, і планаў у яго, можа быць, больш, чым у каго іншага, – ён бо зацікаўлены больш. Ён дома раніцай папрацуе, а потым ужо ідзе ў рэдакцыю – сустрэцца з аўтарамі. Мне здаецца, што працаваць у рэдакцыі дзве гадзіны ў дзень – гэта правільна. Калі сёння праца пачынаецца а палове дзявятай, то, мне здаецца, гэта непрадуктыўна. Хоць знешне выглядае, можа быць, і наадварот…
– Асабліва любілі наведваць