Сэрца мармуровага анёла (зборнік). Людміла Рублеўская. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Людміла Рублеўская
Издательство: Электронная книгарня
Серия: Беларуская проза XXI стагоддзя
Жанр произведения: Современная зарубежная литература
Год издания: 2015
isbn: 978-985-02-1348-8
Скачать книгу
мая, быццам шкло, разбіваецца,

      Рэжуць яе аскалёпкі душу.

      І пачынаецца кожная раніца

      Вершам, які я не напішу.

      Логавішча адмірала

      Англійскі адмірал Фрэнсіс Дрэйк быў піратам. Напачатку ён рабаваў няправільна – усіх, хто вёз багатыя тавары.

      Пасля перайшоў на правільны рабунак – пачаў пераймаць толькі караблі паганых іспанцаў. А гэта, згадзіцеся, зусім іншая справа. Нават калі выпадкам трапляўся пад руку героя і разявака-суайчыннік.

      Прафесар Ілья Яфрэмавіч Ялецкі быў аўтарытэтам па гісторыі марксізму-ленінізму.

      Гэта ў недасведчаным юнацтве ён з алоўкам у руках чытаў агента імперыялізму Піцірыма Сарокіна.

      Калі карабель з Піцірымам Сарокіным на борце і яшчэ з парай дзесяткаў буржуазных філосафаў ды пісакаў, выкрытых савецкай уладай, адплываў ад кранштацкіх берагоў, студэнт факультэта грамадскіх навук Беларускага універсітэта Ілья Ялецкі граміў падступную ідэалогію на падставе прац любімага настаўніка Льва Троцкага.

      А праз нейкі час, з палубы надзейнага карабля марксізму-ленінізму, малады таленавіты навуковец Ілья Яфрэмавіч вёў прыцэльны агонь па здрадным трацкізме.

      Прафесару пераваліла за восемдзесят. Ён быў паважаны, мудры, непатапляльны чалавек.

      Марк яшчэ раз націснуў на кнопку званка.

      – Х-то там?

      – Дзядуля, гэта я, Марк. Адчыні. За дзвярыма памаўчалі.

      – Марк, гэта ты?

      – Ну я ж.

      – А хто з табою?

      Марк набраў у грудзі паветра, шумна выдыхнуў, каб стрымаць раздражненне, і ветліва працягваў дыялог праз дзверы.

      – Са мной Магдаліна, мая нявеста. Дзядуля, ты яе памятаеш. Мы прыходзілі да цябе зімой. Адчыняй.

      Але за дзвярыма, аб абітымі чорнай скурай, зноў запанавала маўчанне.

      – А хто з вамі яшчэ?

      – Мой сябар, Канстанцін Сташынскі. Ён працуе ў інстытуце гісторыі.

      – Не ведаю ніякага Сташынскага, – зноў пауза. – Гэта ты, Марк?

      Плённая размова працягвалася яшчэ хвілін дзесяць. Нарэшце забразгалі замкі, пацягнула пахам лекаў. Між дзвярыма і сцяной паказаўся твар Оле-Лукойе, гэткага дабрэннага старэчы з наіўнымі блакітнымі вачыма і няўлоўнай хітрынкай. Так і здавалася, што ён зараз спытаецца: «Які парасон пакруціць над вамі, маладыя людзі? Чорны ці каляровы?»

      Праз тры гадзіны кампанія сыходзіла па лесвіцы ў самым змрочным настроі. Вядома, іх досвед абагаціўся сентыментальнымі ўспамінамі пра вабнасці опернай спявачкі Ларысы Пампееўны Александроўскай, пуск першага мінскага трамвая і хітрасці рыбалкі на ляшча, якога раней вадзілася ў Лошыцы – хоць рукамі лаві.

      Нельга сказаць, што прафесар ім у нечым адмаўляў. Марк нават перабраў з ягонай ласкі папяровыя завалы на антрэсолях. І цяпер Магда несла перад сабой, як партрэт нябожчыка, пустую папку.

      – Высцебаў, як дзяцей… – з міжвольным захапленнем падсумаваў Кастусь. – Задаеш пытанне, атрымліваеш адказ… Усё лагічна, грунтоўна, цікава…