– Ледзь знайшоў вас! Марку званіў – той мяне проста «паслаў». Добра, наш агульны знаёмца ўспомніў, што ваш дом нібыта насупраць гэтай кнігарні…
Магда змрочна вывучала трэшчынку на шэрым сухім асфальце, у якой паказваліся зялёныя дзюбкі травы, і нецярпліва пастуквала наском чаравіка. Няўжо ён не заўважае, што яна не хоча з ім размаўляць?!
– Я праверыў тыя старонкі! Ёсць стары спосаб выяўляць напісанае нябачным атрамантам – патрымаць паперу над парамі ёду. Тры бутэлечкі ёду звёў! Я ўпэўнены – на тых аркушах сапраўды нешта было напісана!
Магдаліна недаверліва зірнула на ўсхваляванага суразмоўцу, амаль жадаючы, каб ён жартаваў. Але цёмныя вочы Кастуся глядзелі сур'ёзна.
– Цяпер на лістах ясна відаць сляды пяра. Але разабраць, што там было напісана, ужо не зможа ніхто, хіба асобныя словы. Я спецыяльна кансультаваўся. Аўтар запісу націскаў на пяро ледзь-ледзь, а апошняя старонка ўвогуле не прачытваецца. Ёсць такі атрамант… У ім пачынаецца хімічная рэакцыя, калі трапляе на святло. Кнігу вам перадалі загорнутую ў нешта шчыльнае?
Магда няўпэўнена пацвердзіла:
– Так… Зверху былі газеты, а знутры такая чорная папера, відаць, пакет ад фотапрыналежнасцяў.
– Ну вось…
– Лухта нейкая! – не здавалася Магдаліна. – Які сэнс пісаць светаадчувальным атрамантам, калі я ці нехта іншы маглі проста прагарнуць тыя старонкі, не чытаючы, і знішчыць тэкст.
– Вядома, рызыка была, як і незразумелая нам перасцярога, – заківаў Кастусь. – Але я сустракаўся з тымі, што прайшлі турмы і лагеры. Нешта ламаецца ў душы чалавека, і ён асцерагаецца нават тады, калі яму ўжо не варта баяцца. Ваш Іван Хмель, ведаеце, на якое аддзяленне спрабаваў пасля вайны паступіць? На хімічнае! Так што мог сам вырабіць такі атрамант. Часу ў яго хапала. Я думаю, каб рэакцыя пачалася, трэба, каб напісанае было на святле пэўны час. Почырк вельмі дробны, на кожную старонку вы патрацілі, мусіць, хвілін пяць, чытаючы? Так?
– Ну, напэўна…
– А выпадкова прагарталі б за секунды. Успомніце, у самім тэксце не было ніякіх дзіўных указанняў?
Магда задумалася.
– Ну, хіба што ён прасіў апошнія радкі прачытаць раз дваццаць…
– Каб вы іх запомнілі! – усхваляваўся Кастусь. – І… вы помніце, праўда?
У Магдаліны раптам закруцілася галава. У пытанні Кастуся ёй падаўся той жа інтарэс, што і ў пытаннях чалавека ў сінім касцюме з кабінета рэктара. З яе досыць…
– Нічога я не памятаю! Адчапіцеся ад мяне! – і рушыла подбегам – зусім не заваёўваць шырокі свет, як збіралася з раніцы, а да аўтобуснага прыпынку, ехаць да надзейнага Марка, да ўсталёванага, абароненага жыцця.
Аўтобус толькі што паказаў жоўты зад у клубах дыму.
– Істэрыка ў вашым родзе перадаецца з пакалення ў пакаленне ці гэта ваш асабісты ўнёсак у айчынную гісторыю? – Кастусь сярдзіта пазіраў на Магду. – Мне што, бегаць за вамі да другога прышэсця? Добра, што я не эпілептык, а то мільганне вашых панчох у палосачку здольнае выклікаць