Ночы на Плябанскіх млынах (зборнік). Людміла Рублеўская. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Людміла Рублеўская
Издательство: Электронная книгарня
Серия:
Жанр произведения: Современная зарубежная литература
Год издания: 2015
isbn: 978-985-02-1428-7
Скачать книгу
Ной! – Зося намагалася супакоіцца. – Добра. Добра, Саша. Я ўсё зразумела. Так. Гэта гонар. Я не саромлюся сведкаў. Няхай яны застаюцца. Забяры толькі таго, хто вам патрэбны.

      Аляксандр шырока ўсміхнуўся:

      – Падобна, нам патрэбныя ўсе. Нешта надта падазроныя ў цябе сябры, Зойка. Вядома, дзеўкай поўная вуліца, але жонкай поўная толькі печ, у хату з вуліцай не заходзяць. Адчыняй дзверы, кучаравы! Чаго стаў!

      – Гэтыя дзверы адчыняць толькі агонь і кроў,– прагаварыў Улад, ірвануўся і, падаючы, скінуў на падлогу пахавальныя свечкі. Стрэлы, віскат… Агонь пабег па абрусе, па парцьерах… Загарэліся старыя газеты, раскіданыя абы-як па падлозе… А потым пралілася кроў…

      І дзверы расчыніліся.

      Для кожнага – свае.

      …Чырвоны карбункул свяціўся ў чорных халодных хвалях, толькі што вызваленых з-пад лёду. Мастак пазіраў з моста ў Свіслач. Шматкі газетнага ліста белымі матылямі кружлялі над вадой, апускаліся на хвалі. Самае месца для несправядлівых слоў. А пачыналася ўсё так добра… Персанальная выстава, замова на роспісы для Дому селяніна… Абстракцыянізм – рука імперыялізму. Выкармыш, вылюдак, вораг… Словы пазбаўляліся звычайнага сэнсу. Божа мой, ну чаму ён не можа маляваць як усе – партрэты важдзей, шчаслівых калгаснікаў, стаханаўцаў… Спрабаваў жа – не так, занадта трывожна, занадта складана… Карціны, мусіць, ужо вывезлі з майстэрні. Цікава, разбяруць па лецішчах альбо спаляць? А куды вывезуць яго, іх стваральніка? Самае страшнае – гэта ўжо ён ведаў – заступацца і нават спачуваць ніхто не стане. Ён сам яшчэ нядаўна пераконваў сябе, калі даведваўся пра арышты знаёмых: гэты, недарэка, нарабіў памылак… А той, мабыць, і праўда замаскаваны вораг. А гэты, ясна, невінаваты. Але – разбяруцца без нас, выкруціцца, апраўдаецца. Цяпер прыйшлі па яго. Карбункул свяціўся праз хвалі. Самы час паспрабаваць дастаць…

      Бліскучая зала Дома прафсаюзаў узарвалася апладысментамі. Дырэктарка ўзорнай дзіцячай выхаваўчай калоніі, зграбная, з каротка стрыжанымі рудымі валасамі сыходзіла з трыбуны, шырока ўсміхаючыся. Даклад быў добры. Правільны даклад. Але справы двух пяцікласнікаў учора зніклі. Бедныя Палінка ды Алесь. Дзеці ворага народа. Яна, выпраўляючы колішнюю памылку юнацтва, ратавала такіх дзяцей, як магла. Чым яны вінаватыя? Мяняла прозвішчы, перапраўляла гады нараджэння. Вучыла, як адказваць: сірата, бацькоў не памятаю… Намеснік па камсамольскай рабоце, нядаўна прысланая з Уралу, учора нешта намякала – пранюхала, паразітка. Што ж, рана ці позна…

      Чалавек у ватоўцы, са спакутваным чорным тварам, сядзеў на драўлянай вакзальнай лаўцы, спрэс парэзанай ножыкамі. Худы вузельчык ляжаў ля ног, абутых у прывіды колішніх чаравікаў.– перавязаныя вяровачкамі, дзіркі заторкнутыя газетамі.

      – А што гэта, грамадзянін, у вас за газетка тырчыць?

      Чалавек звыкла паслухмяна ўзняўся, рукі самі склаліся за спінай. Адзін з патрульных нахіліўся. Тузануў за край паперы, што паказваўся з чаравіка незнаёмца.

      – Ты… ты гэта што? Партрэт таварыша Берыі бэсціць? Ану, дакументы!

      Чалавек дрыготкай рукой дастаў з-за пазухі