– Я на смерць не варажу, а па-другое, карты кажуць толькі пра таго, чыя рука іх здымае.
Макеіха чарговым разам абмахнула ўпрэлы твар.
– Не надта я веру тым картам. Нічога ж канкрэтнага ты мне не сказала. Можаш, напрыклад, сказаць: што са мною сёння надарыцца?
Аўрора Леанідаўна рашуча згарнула карты ў столку. Твар яе спахмурнеў, ніжняя губа па-дзіцячы закапылілася, а нос стаў яшчэ больш вострым.
– А цябе цікавіць канкрэтыка? – пальцы з нервовым спрытам перамяшалі калоду. – Тады здымі… левай рукой.
Угледзеўшы крыўду на твары варожкі, Макеіха кашлянула ў далонь, настроіла голас на ліслівы лад:
– І дзе ты, Леанідаўна, так спрытна варажыць навучылася? Варожка неўпрыкмет уздыхнула.
– У цыганкі.
– У цыганкі? – Макеіха гэтак жа неўпрыкмет перахрысцілася.
– Даўно гэта было… Жылі непадалёку ад вакзала, а я, дзеўчынёха, любіла на паравозы глядзець, часцяком на вакзале круцілася. І вось аднойчы падышла да мяне цыганка і кажа:
«Хочаш пеўніка пасмактаць?» Пеўнікі ў нас тады прадаваліся, на палачках… памятаеш? – Аўрора Леанідаўна на імгненне змоўкла, пасля чаго загаварыла скорагаворкай і з незразумелай рэзкасцю. – Зайшлі ў пачакальню, цыганка кіўнула на дзвюх кабет. «Сядзеш ззаду і паслухаеш, пра што яны гамоняць. І, галоўнае, даведайся – як іх завуць. Яны ж адна адну па імені называюць…»
– А навошта ёй было ўсё гэта? – задышліва перабіла Макеіха.
– А каб на варажбу спакусіць. Падкоціцца потым да тых маладзіц і сакоча: «Дайце, мілыя, на вашы рукі зірнуць ды па іх вашыя імёны назваць». Тыя і цягнуць далоні. Цікава ж, як гэта па руцэ можна імя вызначыць. Ну а потым і па грошы лезуць – даведацца, як там далей жыццё складзецца.
– Во як людзей дураць! – засакатала, што тая цыганка, Макеіха. – Я ж летась таксама ля вакзала ішла. І таксама цыганка прычапілася. Дай, кажа, пяць тысяч – скажу табе, чым сэрца супакоіш. А не дасі – заўтра ж паралізуе.
– І што – дала?
– Дала! А куды дзенешся? А як і папраўдзе якіх урокаў падпусціць?
За вокнамі знянацку пацямнела, і далёка дзесьці – глуха і важна – бухнуў гром.
– Я ж казала – навальніца будзе, – Аўрора Леанідаўна паднялася з крэсла, ды Макеіха схапіла яе за руку:
– Пакуль дабяжыш – змокнеш уся. Лепш на сённяшні дзень паваражы. Абяцала ж…
Гром бухнуў другім разам, цяпер ужо больш зычна і раскаціста. Аўрора Леанідаўна з відочнай неахвотай расклала карты, потым зірнула ў пацямнелае акно, за якім з шалёным гудам праехала іншамарка, і раптам, паказаўшы вачыма на чырвовую дзясятку, рашуча паведаміла:
– Цябе павязуць на казённай машыне.
На твары варожкі адбілася ліловая водцень бліскавіцы, і гэта надало моманту жудаснай