– Ведалі, што ты тут, – яшчэ здалёк галёкае Мішка, абудзіўшы маю суседку па лаве.
– Ой, што было!.. – выдыхае ў сваю чаргу Галка Патрыкеева. – У школу жонка Карпавіча прыбягала… Крыку было-о… – вочы Галчыны круглеюць і далоні ляпаюць на шчоках.
– А чаго крычалі? – пытаюся, адчуваючы лёгкі пах парфумы, які струменяць Галчыны валасы.
– Ну ты што… не разумееш? Прыбягала з русічкай разбірацца. Вось пабачыце: Марковіч у іншую школу пяройдзе. Так што, Лёнік, можаш уздыхнуць з палёгкай.
Я уздыхаю, але без палёгкі, і Мішка стукае мяне па плячы:
– Ды не хвалюйся ты. Вунь і дырэктарка пасля ўрокаў прыходзіла, цябе шукала.
– Я сказала, што ты марыш праз цэнтр Зямлі калодзеж пракапаць, дык Наталля Леанідаўна паабяцала заўтра на класную гадзіну прыйсці і настаўніка фізікі прывесці. Ведаеш, высокі такі мужчына, – Галка аціхае, з насцярогаю пазірае мне ў вочы.
– Трэба ехаць, – кажу я, хоць і ведаю, што нікуды не паеду.
– Ведаеш, Лёня, калі ты з’едзеш… – Галка прыкусвае ніжнюю губу.
– І што будзе?
– Я буду сумаваць без цябе.
Кроў гарачай хваляй падкочваецца да твару, шчокі мае пачынаюць гарэць. Я насоўваю на вочы брылёк кепкі, іду да выхаду, і Галка акрыялым голасам распавядае пра маладога фізіка, які першы год працуе ў школе, у якога закаханыя ўсе дзесяцікласніцы і які распавядзе нам з Мішкам і ўсяму 5-му «А», ці можна заляцець у Амерыку праз цэнтр Зямлі.
За сценкай рыпаюць спружыны старой, даваеннай яшчэ атаманкі. Маці не спіць. Чакае Юрку, які ізноў швэндаецца недзе сярод ночы. Мне таксама не спіцца. Ляжу і з прытоенай радасцю думаю пра тое, як усё добра абышлося. Маці пра маю вандроўку ў Вентспілс нічога не ведае; грошы – трыццаць рублёў – неўпрыкмет паклаў назад у шуфляду; а русічка Марковіч, па чутках, збірае мэтлахі і падаецца ў іншую школу. Адзінае, што не дае спакою, гэта падраная капэрта. Я яе склеіў, але Юрка ўсё адно будзе лаяцца. І ў нядзелю не дасць грошай на кіно.
Куляюся на левы бок, і дзесьці непадалёку, усё адно як з матчынай спальні, гучаць прыглушаныя галасы.
– Куды ты? Сёння ж кантрольная па матэматыцы! – гэта Мішкаў голас.
– Я буду сумаваць без цябе, – адзываецца з-за сценкі Галка Патрыкеева.
Сэрца маё вылятае з грудзіны, і я адчуваю, што правальваюся ў цёмную бяздонніцу. Цела робіцца бязважкім, скроні казыча цёплы ветрык, я штосьці крычу Галцы, ды не чую ўласных словаў, бо яны застаюцца недзе там, высока над галавой. Міма мяне святлявымі вужакамі ляцяць каляровыя агні. Неўпрыкмет іх лёт запавольваецца, цела наліваецца цяжарам, ветрык