У гэты момант здавалася, што захапленне заступіла чорную нянавісць у яго жахлівых вачах, якая так гняла мяне спачатку, але раптам д’ябальскі бляск вярнуўся, і з дзіўным змяіным сыкам чужаніца выцягнуў шкляную бутэлечку, відавочна хочучы пакласці канец майму жыццю гэтак жа, як Шарль Ле Сарсье шэсцьсот гадоў таму паклаў канец жыццю майго продка. Рэшта пачуцця самазахавання раптам прымусіла мяне скінуць чары, што дагэтуль не давалі мне нават варухнуцца, і я кінуў паходню, якая ўжо згасала, у істоту, што пагражала майму жыццю. Я пачуў, як бутэлечка разбілася аб камень. У той жа момант вопратка незвычайнага чалавека загарэлася і страшным ззяннем асвяціла жудасную сцэну. Мае і без таго напружаныя нервы не вытрымалі крыку, поўнага страху і бездапаможнай злосці, які выпусціў той, хто хацеў мяне забіць. Я знепрытомнеў і ніцма ўпаў на слізкую падлогу.
Калі адчуванні нарэшце вярнуліся да мяне, навокал была непраглядная цемра, і мой розум здрыгануўся ад думкі, што яшчэ я магу ўбачыць. Але цікаўнасць брала сваё. Кім, пытаў я сябе, быў гэты пачварны чалавек і як ён апынуўся ў замкавых сценах? Нашто яму помсціць за смерць Мішэля Мавэ і як праклён пратрываў столькі доўгіх стагоддзяў з часоў Шарля Ле Сарсье? Шматгадовы страх адпусціў маё сэрца: я ведаў, што пагроза праклёну ішла ад таго, каго я збіў з ног. Цяпер я быў вольны і гарэў жаданнем дазнацца больш пра жорсткую істоту, што стагоддзямі пераследавала мой род і ператварыла маю маладосць у няспынны кашмар. Поўны жадання ва ўсім разабрацца, я абмацаў кішэні ў пошуку крэмню і крэсіва і запаліў запасную паходню.
Новае святло адразу ж выхапіла з цемры скрыўленую і счарнелую фігуру таямнічага незнаёмца. Яго жахлівыя вочы цяпер былі заплюшчаныя. Я адвярнуўся ад брыдкага відовішча і зайшоў у залу за гатычнымі дзвярыма. Там было нешта вельмі падобнае да лабараторыі алхіміка. У адным куце ляжала вялізная