процьму трусоў, марскіх свінак, катоў, сабак і малпаў, праз што яго ўрэшце зненавідзеў увесь факультэт. Часам паддоследныя жывёлы – меркавалася, што яны мёртвыя – сапраўды пачыналі паказваць прыкметы жыцця, прычым некаторыя экзэмпляры паводзілі сябе даволі буяна. Неўзабаве Ўэст усвядоміў, што вывучэнню і ўдасканаленню гэтага працэсу ён мусіць прысвяціць усё сваё жыццё. Таксама ён зразумеў, што ягоны рэагент неаднолькава дзейнічае на розныя арганізмы, таму дзеля чысціні эксперыменту і далейшага прагрэсу ажыўляльнае рэчыва неабходна выпрабаваць на чалавеку. Менавіта з гэтай прычыны ў яго пачаліся звадкі з кіраўніцтвам факультэта, і справа скончылася тым, што яму сурова забаранілі займацца даследніцкай дзейнасцю. Гэта быў загад дэкана медыцынскага факультэта, доктара Алана Холсі, асвечанага і найдабрэйшага чалавека, чыё самаадданае служэнне хворым і нямоглым аж дагэтуль з падзякай згадваюць аркхэмскія старажылы.