Шалом. Артур Клінаў. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Артур Клінаў
Издательство: Электронная книгарня
Серия:
Жанр произведения: Современная зарубежная литература
Год издания: 2011
isbn: 978-985-6991-08-3
Скачать книгу
Мастак! Добра, кладзіся!

      Хлопец адкінуў сядзеньне, расклаўшы дзіўнага госьця, і яны рушылі ў напрамку Гановэру.

      Зь юнацтва, калі Андрэ зрэдку вандраваў па савецкай тады яшчэ радзіме аўтастопам, ён памятаў: платай за зробленую табе ласку ёсьць гутарка, гісторыя, якую ты павінен распавесьці кіроўцу. Бо, калі той спыніўся падабраць незнаёмца, – значыць, яму, хутчэй за ўсё, сумна і патрэбны суразмоўца ў дарозе.

      Андрэ пачаў бавіць хлапца за баранкай байкамі пра сябе: хто ён, адкуль, як апынуўся ў Боне. Ён распавёў, што ў яго ўсяліўся дух прускага воіна, і цяпер ён мусіць выправіцца на ўсход, каб вярнуць на гістарычную радзіму свой бедны, заблукалы ў багнах і стагодзьдзях народ. Што ён даў абяцаньне ніколі да часу, калі ён убачыць сваё балотнае племя радасным і вольным на берагах бацькі Рэйна, не здымаць шалома з галавы.

      Праўда, місія гэта вельмі складаная. Існуе яго антыпод у касцы ваяра-вызваліцеля, які жадае заманіць ягоны люд на берагі матухны Волгі. І, уласна, на двубой волатаў, ад якога залежыць будучыня ягонага народу, ён і кіруецца.

      Калі Андрэ з важным выглядам замаўчаў, даючы зразумець, што баек больш ня будзе, кіроўца зь недаверам зірнуў на яго і зрабіў гучней музыку.

      – Кактэлі, картэлі, нафталінавыя бардэлі, бэмц, бэмц, бэмц, – далятаў з прымача антыглябалісцкі рэп.

      «Дзіўна, – злавіў сябе на думцы Андрэ, – раней слова «мастак» я прамаўляў з гонарам. А цяпер – зь нейкай няёмкасьцю, быццам займаюся чымсьці непрыстойным».

      У дзяцінстве, як і ўсе хлопчыкі, ён марыў стаць лётчыкам. І, магчыма, ягонае жыцьцё склалася б інакш, калі б не зьявіўся дзядзька Іван – мастак, блізкі сябра маці і мясцовы авангардыст. Іван Панцялеевіч быў чалавек незвычайны і ў адрозьненьне ад большасьці магілёўскіх мастакоў, якія з усіх колераў аддавалі перавагу шэраму, ладзіў сур’ёзны экспэрымэнт у мастацтве: складаў шэры з мноства адценьняў. Наблізіўшы твар упрытул да ягонага твора, глядач прыходзіў у захапленьне: кожны сантымэтрык палатна ўбіраў у сябе ўсю гаму фарбаў. Але варта было адысьці мэтры на тры – і выява зноў рабілася бескампрамісна, бездакорна шэрай.

      Дзядзька Іван здаваўся Андрэ калі ня богам, то дакладна сьвятаром, жрацом нейкай боскай сілы. Сам ягоны вобраз быў падобны да Творцы з царкоўных іконаў. Даўгія валасы, сівая барада і, канечне, німб. Німб, праўда, быў крыху пацяганы, зроблены зь мяккага вэлюру, месцамі запэцканы фарбай, а можа, віном, але ён ганарліва ўзносіўся над галавой Івана Панцялеевіча высакародным чорным бэрэтам.

      Вырашыўшы, што таксама будзе авангардыстам і прысьвеціць жыцьцё здабываньню шэрага колеру з стракатай разнастайнасьці сьвету, Андрэ пачаў старанна наведваць заняткі дзядзькі Івана ў студыі мясцовага шпалаўкладачнага камбінату. Магчыма, яму наканавана было стаць песьняром магілёўскіх туманаў, але раптам, калі ён крыху пасталеў, зьніадкуль паўстаў Зільдэрман. Ён вызначыў экспэрымэнт Івана Панцялеевіча як шэрую плесьню, балотны імпрэсіянізм, сказаў, што няма ў горадзе іншага авангардыста, апроч Яго, і ўзяўся знаёміць