– Прыдурак! – верашчала адна. – Ты мусіш яго купіць!
– Цешча табе пакажа шалом! Яна адарве яго разам з тваёй галавою, – лямантавала другая.
– Чортаў лузэр! Гэта твой шанец! Зьмяні сваё жыцьцё! Плюнь на цешчу! – крычала трэцяя.
– Жонка выставіць цябе за дзьверы й запусьціць наўздагон самай цяжкой чыгуннай патэльняй!
– Нічога страшнага! Калі яна пацэліць у галаву, на ёй жа будзе шалом!
– З тваіх дзяцей будуць сьмяяцца ў школе й называць іх бацьку раганосцам!
– І так усе ведаюць, што ты раганосец!
– Ты заўтра выпраўляесься на фронт, і ты ведаеш: у акопе без шалома нельга!
– Ты адпалохаеш усіх кліентаў і застанесься зусім бяз грошай! Хто даверыць надмагільны помнік паўдурку ў кайзэрскім шаломе!
– Пашлі да д’ябла сваіх кліентаў! Няхай лепяць самі альбо зьвернуцца да Пятрова! Няўжо ты пра гэта марыў, калі хацеў стаць скульптарам! Ты ж жадаў быць, як Мікелянджэлё, ствараць вялікае-вечнае! А цяпер ты хто – чмо, што ваяе халтуры! Аднойчы мерцьвякі сапраўды зьбяруцца ды адпізьдзяць цябе дзе-небудзь у зацішным закутку могілак!
– Цябе будзе спыняць кожны мент і пытацца пашпарт!
– Нічога! Ты зробіш новы пашпарт і сфатаграфуесься на яго ў шаломе!
– Дзеці на вуліцах будуць тыцкаць у цябе пальцам!
– Цябе пакажуць па тэлевізары ў перадачы «Таемныя спружыны палітыкі», дзе назавуць масонам і лідэрам беларускай апазыцыі!
– Ня страшна! Першы жыдамасон у Магілёве! Ты станеш папулярным! Ханыгі ў піўнухах будуць частаваць півам!
– Хведар Міхайлавіч будзе вельмі задаволены! Уяві, як ён узрадуецца на нябёсах, пабачыўшы цябе ў прускім шаломе!
– Твае адэпты вырашаць, што ты ўжо чокнуўся, і пачнуць піць да заходу сонца!
– Наадварот! Іх вера ўзмацніцца, калі ты явісься ім ў шаломе са шпілем! Ты будзеш іх Буда!
– Гэтыя тупыя куратары пачнуць запрашаць цябе на сапраўды крутыя выставы! Ты станеш знакаміцейшым за Чалавека-сабаку! А гэта ўсё, чаго табе так не хапае! Слава! Бабкі! Віла ў Ніццы!
– Падумай! Што ты страчваеш! Лайно, зь якога ніколі ня вылезеш!
– У цябе нават няма пяцісот эўра, каб яго набыць!
– Але ты маеш грошы на цешчыны боты, на падарункі дочкам, жонцы, на квіткі дадому! А яшчэ зэканомленыя на танным пойле зь «Лідлу» сутачныя!
– Як жа ты паедзеш дадому?!
– Фігня! Дабярэсься да Бэрліну аўтастопам! А там хобіты дапамогуць грашыма!
– Дурань! Ты мусіш яго купіць!
– Чортаў лузэр! Гэта твой шанец! Надзень яго й ніколі не здымай!
– Адчыні дзьверы ў новае жыцьцё!
– Цешча адарве шалом разам з тваёй галавою!
– Жонка запусьціць самай цяжкой чыгуннай патэльняй!
– МАЎ-ЧАЦЬ!!!!!
Раптам усё сьціхла. Рынкавы гоман у момант спыніўся, і Андрэ заўважыў, што ўсе людзі, якія стаялі наўкол, моўчкі й неяк дзіўна паглядалі на яго. «Ну досыць, гэта ўжо занадта!»