I ёй стала радасна ад таго, што ўсё так разумна на свеце. Ноч, што так палохала яе, усё ж прыйшла, а гэта значыць – і пройдзе. I да новай ночы, пакуль яшчэ не скончылася гэтая, ой, як яшчэ далёка, яшчэ ж нават і не развіднела. А развіднее, уднее – яе, што дзеці, абступяць клопаты. Сена трошкі, але яшчэ ёсць, яна дасць яго Мілцы, спачатку надыхаецца ім сама, як духам новага дня, потым накорміць Мілку, напоіць яе. Паспее – расчыніць капец з бульбай. А не – потым паспеецца – збегае па нарад. Брыгадзір скажа, што ёй сёння рабіць, каб і не цяжка па яе гадах, і на людзях. Мо на тыя ж капцы з бульбай паставіць, а мо загадае збожжа на насенне веяць. Ёй і гэта рабіць будзе радасцю, не сама работа, а тое, што яна яшчэ такая спрытная, што цела яе і рукі звычныя і спраўныя рабіць, і, канечне, тое, што яна на людзях, і накпіць з каго можа, і. з яе таксама могуць пакпіць. Не- не-не, яна яшчэ хоць куды. I Ненене засмяялася сама з сябе і спахапілася: гэта ж чалавек сядзіць у хаце, а яна пра яго ўжо і не памятае.
Але ў хаце ўжо нікога не было. Пайшоў Іван, яна і не прыкмеціла калі. I ў жыцці ён быў такі ж непрыкметны. Збяруцца на вячоркі дзеўкі, прыйдуць хлопцы і пачнуць – зубы ўвесь час сушаць, а ён хоць бы рот раскрыў, хоць бы слова прамовіў. I з вайны вярнуўся – як у суседняе сяло схадзіў.
Хаця пасля вайны ім і некалі было адно аднаму нейкія там словы гаварыць. Тры-чатыры гадзіны ноччу толькі і бачыліся. Мо ён і ходзіць зараз таму, што не выгаварыўся тут, на белым свеце, ходзіць з таго свету, але і з таго свету слова ёй не прыносіць.
Дуб за сцяной, калі знік Іван, ужо не прасіўся ўвайсці ў хату, ён, здавалася, патрабаваў, каб усе жывыя выйшлі з гэтай хаты. Ненене за думкамі, клопатамі і не прыкмеціла, калі і пачалася такая бура. Хісталася і дрыжала старая хатка, хатка, якая ўвогуле ніколі не была новаю, не пабудаваная нават, хутчэй вырасла, як расце грыб, з зямлі; так і яна пачала расці з зямлянкі-закапухі, крытай зялёным мохам. Зямлянку гэтую капала сама Ненене, калі старая хата ўжо развальвалася. Прыйшоў Іван, паставіў закапуху, нешта дагэтуль неверагоднае ні ў якім краі, з жэрдак, што ў два рады былі забітыя ў зямлю, паміж імі палажылі моху, угнялі, уціснулі яго і самі сабе сказалі: будзем жыць. У музей бы такую хатку, дык ніхто б і не паверыў, што ў ёй можна жыць. Ні падлогі, ні даху. Жылі. I вецер жыў разам з імі ў той хаце, усе скразнякі былі іх: і як спявалі ім жэрдкі, кожная мела свой матыў і свой голас. I сёння такі ж вецер і такі ж стогн у хаце. Тупае і тупае карова ў сваім куце, калі б не чула гаспадыні, пэўна, роўма раўла б.
Ненене ўстала, у цемры знайшла,