З дня чарнобыльскага залпу і з той нагоды прапушчанага восеньскага палявання мінулі два гады. Загоншчыкі дзікага палявання караля Стаха здолелі пераразмеркавацца, узброіцца і стальной згуртаванай раццю выстраіцца ў цэнтры, у сталіцы рэспублікі. Праўда, шмат чаго і ў рэспубліцы змянілася за гэты час. I час, абставіны палявання памяняліся. Больш нецярплівым, але і больш гуманным, міласэрным да чалавека і звера зрабіўся час. I не толькі птушка, чалавек і звер гэта адчулі. Акрыялі, пачалі прагнуць жыцця і дрэвы.
На тым жа, родным паэтэсе-ластаўцы Палессі ў апошнія гады невядома чаму высахла, памерла шмат дубоў. Стаялі стагоддзямі, стаялі вечна. А тут як жыццё самагубствам вырашылі кончыць. Вясна, адна, другая, усё ў рост, усё квітнее: вольха, асіна, бяроза, нават ясень. А дуб не распускаецца. Праўда, у тыя апошнія гады былі вялікія і доўгія паводкі. Нават не паводкі. Па заліўных сенажацях рэчак Ясельда, Случ, Бобрык, Пціч, па прыбярэжных прыпяцкіх ацалелых дубровах доўга стаяла і не сыходзіла вада, застойная, іржавая, па мохам зарослую бараду дуба. Мо ў той застойнай вадзе і затхнулася цар-дрэва, адмерла ў ім штосьці. I наканавана яму ўжо была печ – на дровы, калі не жадае квітнець. Інакшай карысці ад вас няма. Толькі сум насылаеце, пужаеце і ўдзень, і ўночы мярцвячынай жывое вока.
Але вось апошняю вясною як пачулі штосьці дубы, праведалі штосьці аб тым чалавечым спалоху, а мо нешта ў прыродзе вакол іх змянілася. I адчулі, паверылі ў тыя перамены дрэвы. Не адразу, праўда, а спакваля. Вясна ўжо адстаяла сваё. Набліжалася лета. I адной ноччу апрануўся лістом жывы, але позна аказваючы сябе глухі дуб-лянівец. А другой ноччу раскашлаціўся дуб памерлы, ды так густа агарнуўся зялёнай водмаладдзю, што багата хто ў вёсцы адмаўляўся веры даць вачам сваім. З гэтым мясцовага, сялянскага значэння дзівам супала яшчэ адно. Журавель на Палессі абазваўся, падаў чалавеку голас. А голас той быў ужо напаўзабыты палешукамі. Маладыя і не ведалі, не маглі адказаць, хто гэта крычыць-курлыкае. Толькі паважнага веку старыя пазналі, успомнілі: жораўка, журавельчык вярнуўся. Дзіўна, нібы з таго свету прыйшоў зноў да людзей, старых перад смерцю, перад вечным спачынам пацешыць, як дзетак маленькіх. Дажылі.
Але толькі дзіўна, не больш таго, бо жыццё да звера і чалавека ў тыя міласэрныя дні не ведала літасці. I не ўсе і не ўсюды адчулі і прызналі тую міласэрнасць нябёс, той боскі голас, кліч-курлыканне. Той-сёй, канечне, пачухаў патыліцу, задумаўся, адклаў убок, схаваў ці здаў зусім стрэльбу, развітаўся з ёю назаўсёды. Толькі ўсё роўна паляўнічыя сезоны пачыналіся дзень у дзень, хвіліна ў хвіліну, як абвяшчаліся.
I хвіліны тыя былі жудаснымі. Грукат на сенажацях, пры азярынах і дубровах – як пры штурме рэйхстага. Роўна ў дваццаць чатыры нуль-нуль,