Крутагорскія казкі. Адам Глобус. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Адам Глобус
Издательство: Электронная книгарня
Серия:
Жанр произведения: Современная зарубежная литература
Год издания: 2010
isbn: 978-985-6901-58-7
Скачать книгу
на свайго ката, бо вiдавочна, што ён той пагром i ўтварыў, але ж не паспела. Кот узняўся на заднiя лапы i пайшоў на сваю гаспадыню. Вочы кацiныя гарэлi зялёным агнём. Жанчына выскачыла з варэльнi i дзверы за сабою зачынiла, ды яшчэ ключ у замку павярнула тры разы. Праз два дамы ад жанчыны жыў ветэрынар. Ён параiў усыпiць ката. Але жанчыне стала шкада свайго, хай i ашалелага, але ж любiмца. Тады ветэрынар прапанаваў схадзiць да Сiвой Сольнiцы. Маўляў, тая Сольнiца можа на соль нашаптаць, а соль можа ката ад шаленства ўратаваць. Сiвая Сольнiца дала жанчыне маленечкi мяшочак з нашаптанай соллю i сказала той соллю тры разы на ката-шаленца сыпануць, а не адыдзе, то ўжо хай ветэрынар яго ў кацiны вырай выпраўляе, бо вылечыць кацiнае шаленства нiхто ўжо не зможа. Яшчэ Сiвая Сольнiца папярэдзiла жанчыну, што, калi будзе вяртацца дамоў, да яе можа падысцi вядзьмарка, якая ката зачаравала. Вядзьмарка з ёю загаворыць, але жанчына мусiць маўчаць. Так i здарылася: каля самага дома жанчыну пераняла суседка i пачала дарогу заступаць. Заступiць i пра рознае пытаецца, а жанчына маўчыць як вады ў рот набраўшы. «Што ж ты маўчыш? Што ж ты мяне зневажаеш так? Што я табе такога зрабiла?» – сыпала пытаннямi суседка. Жанчына ледзь было не сказала, што яна яе ката зачаравала i ў шаленства абрынула, але стрымалася.

      Кот, пабачыўшы мяшочак з соллю, паспрабаваў уцячы, але жанчына спрытна сыпанула солi яму на хвост. Кот замёр. Жанчына яшчэ раз сыпанула на яго соллю, а калi сыпанула трэцi, дык з ката пасыпалiся ў розныя бакi вогненныя блохi. Блохi ссыпалiся з ката i расталi ў паветры. Кот стаў такiм, якiм быў заўсёды – ласкавым, добрым i муркатлiвым. Жанчына прыбралася ў доме, а, прыбраўшыся, затэлефанавала суседцы. «Яшчэ раз чэпiш майго ката, я табе хату спалю!» – сказала так i супакоiлася. Маленечкi мяшочак, прынесены ад Сiвой Сольнiцы, жанчына схавала ў сейф. Можа, яшчэ каму спатрэбiцца…

      25. Белатварая ашыйнiца

      Старая яна была, а на працу хадзiла. Вартаўнiцай яна служыла ў iнфекцыйнай бальнiцы. Яе ставiлi толькi ў начную змену, бо паўз яе не праскочыш i не прапаўзеш. Людзi яе баялiся: i лекары, i медсёстры, не кажучы ўжо пра пацыентаў. Пужалiся яе бяскроўнага твару. У вартаўнiцы твар быў такi белы, што выглядала яна на мёртвую. Толькi дзецi са школы, што побач з бальнiцаю стаяла, той вартаўнiцы не лякалiся, бо насiлi ёй крэйду. Яна тую крэйду ела, а за кавалак крэйды расказвала школьнiкам розныя брыдкiя гiсторыi. Школьнiкi яе нават любiлi, ажно пакуль бяда не здарылася з Мiколам Караткевiчам. Ён ёй крэйду прынёс, яна тую крэйду зжавала, а гiсторыю не стала распавядаць, сказала, што другiм разам раскажа. Мiкола i абазваў вартаўнiцу старой чапялою. Аблаяў ён яе, абмацюкаў брыдотна i дамоў пайшоў. А дома кепска яму стала, i на шыi з’явiлася чырвоная паласа. Шырокая такая паласа, нiбыта след ад ашыйнiка. Нiхто тады i не падумаў на вартаўнiцукрэйдаедку. Меркавалi, што алергiя. А Мiкалаю ўсё горш i горш рабiлася, яго па хуткай дапамозе ў бальнiцу заiмчалi, але i тамака рады нiхто даць не змог такой дзiўнай хваробе. Задыхаецца хлопец. А чаго ён задыхаецца? Якая трасца яго душыць? Нiхто не ведаў. Цэлую ноч Мiкола Караткевiч прапакутаваў. А ранiцай нейкая прыбiрачка сказала, што вядзьмарка