Крутагорскія казкі. Адам Глобус. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Адам Глобус
Издательство: Электронная книгарня
Серия:
Жанр произведения: Современная зарубежная литература
Год издания: 2010
isbn: 978-985-6901-58-7
Скачать книгу
задусе, шмат зарабiў. На заробленыя грошы ён прыдбаў сабе Белы прапелер. З навюткiм Белым прапелерам ён стаў такiм дарагiм каханкам, што яго вiзiт маглi сабе дазволiць адно каралева з прынцэсамi. Тут гарачыня скончылася, пайшлi дажджы, сэкс з вентылятарам выйшаў з моды, Карлсан прадаў Белы прапелер, а на ўтаргаваныя грошы зрабiў у сваiм доме новы дах.

      20. Празрыстая павуцiнка

      Маленькi павук навучыўся бегаць па паветры. Быў сонечны блакiтны ранак, павучок вылез з-пад пялёстка вяргiнi i пабег-пабег па свежым паветры. Як тое адбылося, ён i сам не ведаў. А калi даведаўся, дык ужо мог хутка бегаць па духмяным вераснёвым паветры.

      «Якая ў цябе танюткая i Празрыстая павуцiнка…» – казалi маленькаму павуку iншыя павукi. Ён не спрачаўся. Нашто? Хай усе думаюць, што ён такi самы, як i ўсё, толькi ў яго Празрыстая павуцiнка.

      21. Сiнi жывот

      У нашым доме, шэрым дзевяцiпавярховiку, дзеўка страшнатварая жыла. Глянеш на яе – вочы самi заплюшчваюцца. Закахалася гэтая страхалюдзiна ў хлопца з суседняга пад’езда. Хлопец быў гожы, спортам займаўся i ў цырку гiмнастам падпрацоўваў. Артыст, адным словам. Нiхто i падумаць не мог, што страшыдла выйдзе замуж за прыгажуна. Вяселле яны згулялi, а па раёне чутка папаўзла, што мацi брыдкатварай дзеўкi прысушыла артыста. Пасля вяселля цыркач пачаў хварэць. За якi месяц вырас у яго вялiзны Сiнi жывот. Куды ён толькi нi звяртаўся, якiм толькi дактарам i лекарам Сiнi жывот нi паказваў, а нiхто такой хваробы не ведаў i нiколi Сiняга жывата не бачыў. Хлопец з твару спаў, спорт i цырк кiнуў, памiраць сабраўся. Нiбыта дзед стары, ён выходзiў з дому i каля пад’езда на лаўцы пад бэзам сядзеў. Так бы i прычакаў ён смерць сваю, але iшоў неяк праз наш двор сiвы мужчына. Спынiўся каля прысушанага хлопца: «Бачу я бяду тваю i магу дапамагчы!» Павёў ён хлопца з Сiнiм жыватом у лазню. У парылцы ён так адхвастаў бярозавым венiкам Сiнi жывот, што з рота хворага павыскоквалi ажно трыццаць тры сiнiя жабы. Сiвы мужчына сабраў тых жаб у мяшок, завязаў мяшок тоўстай вяроўкаю i сышоў з лазнi. Хлопец ачомаўся, агледзеў сябе i ўзрадаваўся, бо не было больш у яго Сiняга жывата. Вярнуўся ён дамоў i прагнаў са сваёй кватэры страшную жонку. Тая да мацi ў суседнi пад’езд пакацiлася. Прыбегла, а мацi ўжо засiлiлася, ужо вiсiць пад столлю халодная. Брыдотная жонка прыгажуна схапiла вяроўку, зрабiла пятлю i побач са сваёй мацi – вядзьмаркаю – павесiлася. Такое цёмнае здарэнне адбылося ў нашым доме, звычайным шэрым дзевяцiпавярховiку.

      22. Бландзiнка чартавокая

      Такая сярод светлавалосых жанчын трапляецца на тысячу адна. Выглядае яна прыгажуняю, а вока ў яе кепскае. Злое ў яе вока. За ўсё жыццё я толькi аднаго разу сустрэў такую Бландзiнку чартавокую. Яна мне сама i распавяла пра сiлу сваю неўтаймоўную. Была ў Бландзiнкi малодшая сястра. Жанчынка як жанчынка, звычайная i цёмнавалосая. Вялiкага шчасця тая сястра не шукала: знайшоўся просты хлопец, прапанаваў шлюб, яна i не адмовiла. Праз год у iх нарадзiлася дзяўчынка з рудзенькiмi кудзеркамi. Прывезлi дзiця з радзiльнi, паклалi на ложак i распавiлi. «Ты чаго дзiця голае на ложку трымаеш?» – спыталася Бландзiнка чартавокая. «А што ёй зробiцца?» Бландзiнка толькi зiркнула на пляменнiцу i сышла.