імем Таццяна з’явіўся мужчынскі твар, а над імем Сяргей – жаночы. Давялося камяні перашліфоўваць і надпісы перарабляць, бо партрэты атрымаліся як жывыя і падобныя да ўзораў. А было і страшнае здарэнне з Міхасём… Выдзеўб ён на Шэрым надмагільным камені дзявочы твар. Стараўся, як ніколі. Пасля працы, як звычайна, выпіў гарэлкі. Прыцягнуўся раніцай у майстэрню. Бачыць: на Шэрым камені зусім іншая дзяўчына. Каб толькі твар змяніўся, не так бы Нацэўскі напалохаўся, але там імя іншае і даты смерці ды нараджэння памяняліся. Зноў шліфаваць? Зноў перарабляць? Зноў усё наноў? Міхась вырашыў папіць піва і пашукаць у Інтэрнэце дзяўчыну, што з’явілася на Шэрым камені. Знайшлася яна лёгка. Нацэўскі напісаў ёй паведамленне і атрымаў адказ. У наступным лісце Міхась распавёў дзяўчыне пра Шэры надмагільны камень і пераслаў яго фотаздымак. Дзяўчыну асабліва ўразіла дата смерці, бо гэты быў заўтрашні дзень, калі яна збіралася ехаць на маршрутцы да сваякоў у Магілёў. Дзяўчына не паехала ў Магілёў, а тая маршрутка разбілася пад Бялынічамі. Шафёр заснуў за рулём, наехаў на дрэва і загінуў. Пасажыры пакалечыліся. Дзяўчына прыйшла да Міхася ў майстэрню з бутэлькай гарэлкі «Тутэйшая», каб адзначыць цудоўнае выратаванне. Нацэўскі і дзяўчына ў той вечар моцна напіліся. Пакуль яны напіваліся, з Шэрым каменем адбылася чарговая метамарфоза. На каменную паверхню вярнуўся папярэдні дзявочы партрэт. Такія два цуды здарыліся з Шэрым надмагільным каменем. Міхась Нацэўскі сам пра іх і расказваў. Калі што, можаш у яго і перапытаць.