Браты Гарэцкія
Рэдка, вельмі рэдка лёс пасылае нам такія знакавыя постаці, як браты Гарэцкія. І мы не цэнім, не шануем высакароднасці, якая была ўласціва ім. Так нічога не засталося і ад шляхетнасці, ад прыроднай інтэлігентнасці, чым вызначаліся браты Гарэцкія. Такія, як Гарэцкія, маглі супрацьпаставіць злу і подласці толькі культуру, толькі сумленнасць, толькі высокасць духу, толькі маральныя перакананні і прынцыповасць. А больш у іх нічога не было: улады не было, крывадушнасці не было, здольнасці падкупіць і падлізнуць не было… А яшчэ – не было абыякавасці да лёсу свайго народа, сваёй Бацькаўшчыны. А было – пачуццё адказнасці перад народам і краінай, пачуццё абавязку і доўгу, які да астатку трэба сплаціць…
З думак пра Купалу
Не перачытваючы – усенародна – Купалу, мы да беларускай Беларусі не дойдзем. Да сапраўды суверэннай, свабоднай, дэмакратычнай.
«Не магу маску ўздзець,
Крывіць роднай душой,
Песні весела пець,
Калі смуцен брат мой».
Душа – родная. Каму? Мужыкам.
Яго муза ўдыхнула гарачага паветра рэвалюцыйных бітваў Першай рэвалюцыі ў Расіі (1905–1907).
Сіла пераканаўчасці купалаўскага радка. Паэт гаварыў так, што яму верылі. Бо – да мужыцкага народа гаварыў сам мужык, падрабляцца (апускацца) не было патрэбы.
Трэба ж было адчуць, што прыйшоў гістарычны час для Беларусі, для беларускага народа – і ён адчуў! І стаў вешчуном, павадыром, сцяганосцам. Мала ў сусветнай паэзіі геніяў, якія ў такой ступені былі ідэолагамі нацыянальнага адраджэння.
У яго была найвышэйшая ступень усведамлення абавязку паэта-грамадзяніна. Ніхто ні да яго, ні пасля яго да такога ўсведамлення не падымаўся. Адзіная і ўсёабдымная жарсць, ідэя, апантанасць. Усё, да апошняга радка, было падпарадкавана гэтаму – яго беларускаму болю.