– І-і, дурненькі, – хітра прымружылася Марыя Фамічна. – Не вер каню ў дарозе, а бабе ў ложку. Баба, калі разумная, пяць разоў за ноч мужыка падмане. Ды табе такія сакрэты не трэба. То дзеўкам казаць буду, як запытаюць, – і засмяялася, потым раптам засмуцілася, прымоўкла.
Уладзімір зразумеў, што старая ўспамінае нешта сваё, можа, і вельмі асабістае, і не памыліўся – гаспадыня пачала гаварыць ціха, з сумам:
– І мне на Купалу адна ноч была… Любіліся мы з ім, крадком сустракаліся. Хоць і вайна адбыла, і гадоў нямала мінула, а ніхто не забываўся, што татку майго забралі як ворага. А мой жа каханак у сельсавеце быў, пры пасадзе… Ніяк нам не жаніцца. Тут стаў да мяне адзін сватацца, мне сямнаццаць, ісці трэба, мама просіць, бо надта ж цяжка… От і падаравала я свайму сельсаветаўцу тую ноч на Купалу. Потым ён ажаніўся, паехаў ад нас, вялікім начальнікам стаў. А харошым чалавекам застаўся. Ён мне і прывёз праз дзесяць гадоў паперу, што татку апраўдалі. Пасмяротна, значыць. А дзе магіла – не знайшоў, хоць і казаў, што шукаў. Дзе ж знойдзеш – Сібір вялікая…
– Марыя Фамічна, а Папараць-кветку хадзілі шукаць?
– Дык, дурэлі хлопцы, пацягнуць дзявок, лес недалёчка быў, так, гарэзілі. А папраўдзе ніхто не хадзіў. Страшна ж.
– А чаго страшнага? Што ноч і цёмна? – пад’юдзіў Уладзімір старую, але тая нечакана пасур’ёзнела:
– Ноч не страшная, і лесу няма чаго баяцца. Папараць шукаць – гэта страшная рэч.
– Чаму страшная? Што, можна сапраўды Папараць-кветку знайсці? – не змог стрымаць здзіўлення Уладзімір.
– Можна. Толькі, хлопчык мой, такое казаць страшна, не тое, што рабіць.
– То раскажэце… Можа, мне пашчасціць.
– Ой, грэх на душу бяру… Не жартачкі гэта. Спакусішся яшчэ… Але слухай, нехта ж мусіць ведаць, а то памру – і з сабой панясу… Дык от… Папараць простаму чалавеку не знайсці, не пабачыць. Трэба не простым чалавекам стаць, на той бок перайсці. Людзі на гэтым баку, а табе туды, на той бок. Каб перайсці, за гадзіну да поўначы трэба зняць з покуці найстарэйшы абраз. Нож навастрыць і на парозе адсячы ад мезенца на левай руцэ акурат там, дзе пазногаць пачынаецца. Тым абсечаным пальцам, крывёй напісаць праз увесь абраз: “Я выракаюся Бога”. Кроў павінна адразу спыніцца. Як спынілася – прынялі цябе напалову. Цяпер той абраз з сабой бяры і ідзі да лесу. Абраз пад першую асіну кінуць. Сам – бяжы па кветку.
– Куды ж бегчы?
– О, тады якраз усё пабачыш – колькі ўсялякага бяжыць па яе! Ведзьмакі ды чэрці, вупыры ды іншая пошасць… Кожны хоча Папараць сарваць…
Уладзімір слухаў, заварожана маўчаў – ён не чакаў пачуць пра такі незвычайны шлях да Папараці. Колькі ўсяго перачытаў – а пра такі “метад” не траплялася ніколі.
– Навошта тым чарцям Папараць? – запытаў ён, калі старая задуменна змоўкла. – Яны ж і так золата маюць…
– Папараць – смерць іхная.
Уладзімір уздрыгнуў – так выразна, з такім акцэнтам