За дзесяцігоддзі Зона зрабіла выклік цывілізацыі. Буйная раслінасць паланавала вызваленыя ад чалавека тэрыторыі. Адрадзіліся многія віды жывёл і птушак, занесеных у Чырвоную кнігу. Усталявалася свая, амаль першародная экасыстэма. Шматколькасная звярына абжылася ў лесе на месцах пакінутых людскіх селішчаў, якія нагадвалі пакінутыя індзейскія гарады ў Мексіцы. Лагічна меркаваць, што ў свой час насельнікі Амерыканскага кантынента таксама пакідалі свае абжытыя тэрыторыі з-за нейкай экалагічнай катастрофы.
Увесь свет існуе па сваіх законах, Зона – па сваіх. Сарцавіна зоны – саркафаг чацвёртага энергаблока. Ніхто на свеце дакладна не ведае працэсаў у разбураным рэактары. Пра тое, які ўплыў аказвае ён на Зону, уявіць зусім цяжка. І на галоўнае пытанне – калі гэта ўсё скончыцца – адкажа, бадай, толькі Усявышні. Факт, Зона ўварвалася ў наша жыццё, зрабілася часткай нашага існавання, паўплывала на нашыя лёсы і лёсы нашых нашчадкаў. “Самае горшае – мы яе ўтварылі ўласнымі рукамі, мы парадзілі Зону”, – разважаў Вацлаў Кравец.
Дзясятак кіламетраў праз лес амаль нішто для сяржанта, трэнірованага армейскай службай. За дзень павінен прайсці ўвесь намечаны шлях, ва ўласных сілах ён не сумняваўся.
Водар летніх траваў свярбеў у носе. Наваколле здавалася казкай. Лясныя гукі, птушыны гоман, трэск старых сосен, ідылія… Зусім не скажаш, што ідуць ваенныя вучэнні, і хутка хтосьці прыляціць, скіне бомбы.
Крок за крокам Вацлаў прасоўваўся далей. Пераадолеў яр, уткнуўся ў непралазны ельнік, абчэплены павуціннем, без асаблівых намаганняў выкараскаўся. Грыбоў вакол было шмат – пузатыя баравікі, падасінавікі, лісічкі. Кравец шкадаваў, што нельга іх браць.
Раптоўна за паласой гушчару намаляваўся вельмі сюррэалістычны відарыс: некалькі саржавелых чыгуначных цыстэрн, прымацаваных да цеплавоза.
Сяржант спыніўся нерухома, лічыльнік радыяцыі на поясе ледзь не захлынуўся, папярэджаваючы аб нябачнай пагрозе.
Ён наблізіўся да цягніка, увагу прыцягнула састарэлая шыльда. Кравец падняў першую патрапіўшую ў рукі галінку, прачысціў ёй металёвую бляшку на паверхні цеплавоза і прачытаў выціснутыя літары “Абслугоўванне ЧАЭС. 1986 год”.
– Рэшткі старажытнай цывілізацыі… – Сам сабе прамармытаў сяржант. Падобнага дабра тут зашмат.
Сонца неўзабаве пераваліла за поўдзень. Кравец абмінуў невялікае балотца, бурболіўшае невыносным смуродам. Ад тванлівага дурману ледзь не забалела галава. Потым ў чашчобе мільгануў воўк.
Кіламетры праз два сяржант вырашыў адпачыць і зрабіў прывал. Дастаў карту, пазначыў пройдзены шлях, задумаўся. Згодна з картай, маршрут разведчыка хутка выводзіў на пакінутае селішча, пазначанае як Трыполле. Мёртвая вёска была далёка па-за тэатрам баявых падзей і магла паслужыць далейшым арыенцірам. За селішчам праз некалькі кіламетраў у паўночна-ўсходнім накірунку пачыналася зона