Але маўчаў Высокі дух. І не меншалі мае пакуты. Не з’яўляўся пробліск дабрыні ў маёй маці.
Заплакала я.
І расінкі слёз бесцялесна каціліся з маёй душы. Выйсце, аднак, мусіла з’явіцца. Я верыла ў гэта. Я хацела гэтага. Я спадзявалася на выратаванне, прагла паратунку.
І ён з’явіўся. Але такі, якога я ніяк не чакала.
Мая маці перавязала свой набухлы жывот нейкім паскам. Ён апынуўся акурат на маёй шыі. Я намагалася вызваліцца. Але ў цеснаце зрабіць гэта было цяжка. Я хацела перакуліцца, але мая мацярынская повязь, мая пупавіна абгарнулася вакол маёй шыі…
«Высокі дух! Уратуй мяне!»
І Высокі дух, відаць, пачуў мяне.
Да майго слыху даляцеў анёльскі голас. Ён замілавана і шчыра выводзіў: «Верую во единого Бога Отца, Вседержителя, Творца небу и земли, видимым же всем и невидимым…»
Мне палягчэла. Душа мая пачала ўздымацца. Я адчула нязвыклую лёгкасць і дужасць. І надзею адолець усё-ўсё…
«И во единого Господа Иисуса Христа, Сына Божия, Единороднаго, Иже от Отца рожденнаго прежде всех век; Света от Света, Бога истинна от Бога истинна…»
Голас анёла ўсё гучаў. Мая душа ляцела ўсё вышэй і вышэй, зачараваная тым неверагодна прыгожым краявідам, якога мне так і не давялося ўбачыць.
«Нас ради человек и нашего ради спасения…»
Душа мая ўжо высока-высока. Яе атуляе ўсё большая прыемнасць і лёгкасць. А голас анёла гучыць цішэй і бліжэй. Як быццам ён поруч са мной, зусім блізенька.
Апошняе, што пачула я, адчула душой, былі словы: «Чаю воскресения мертвых, и жизни будущаго века». І сэрца маё, пазбаўленае душы, стамілася зусім.
А нечы гучны, амаль трубны голас, нібыта адказаў альбо загадаў некаму: «Вонмем».
Пакінутае на самоце каханне перасыхала, мізарнела, драбнела. Нарэшце яно зусім знясілела і ператварылася ў танюсенькае нявызначанае Нешта, якое мусіла зноў блукаць і лунаць у паветры, каб знайсці тых дваіх, да якіх набрынялым воблачкам магло б прытуліцца.
Каб зноў стацца Каханнем.
Ды няўжо і наступным