Пацалунак на фоне гор (зборнік). Анатоль Бутэвіч. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Анатоль Бутэвіч
Издательство: Электронная книгарня
Серия:
Жанр произведения: Современная зарубежная литература
Год издания: 2014
isbn: 978-985-02-1513-0
Скачать книгу
ўзровень матэрыі. Ён стаў жывой істотай.

      І адбыўся цуд. Таемны і незваротны. У свеце з’явіўся новы чалавек. Няхай сабе пакуль нябачны, не выяўлены, аднак жа – Чалавек.

      Так аднекуль з цемры, з прадоння, з далёкасці і цеснаты вылузалася, вылушчылася я. І прыязны павеў духу, Вышэйшага духу, дакрануўся да мяне, учалавечыў, уцялесніў. І стала мне цёпла і прыемна. Захацелася з кімсьці падзяліцца гэтай радасцю. Ды спагаднага суразмоўцы побач не было. Аднак не заставацца ж маўклівым і непачутым.

      Увесь час мне карцела заявіць пра сябе. Аднак пагукаць я не магло. Не магло нават паварушыцца. Ды і хто пачуў бы мяне, нябачнага? Ніхто ж не здагадваецца, што я ёсць, што я жыву. Не ведае і тая, ва ўлонні якой я пачынаю шлях у жывы свет.

      Але вось будзе радасць, калі даведаецца, калі адчуе маё трапятанне.

      Вось будзе свята, калі цемра і ўтульнае ўлонне адпусцяць мяне. І тады сваім першым воклічам я абвяшчу свету пра маё з’яўленне.

      А пакуль я назапашваю гэтую радасць-неспадзянку. Набіраюся яе, каб разбурыць абалонку невядомасці і пераканаць людзей у справядлівасці майго існавання.

      Жытло маё тут утульнае, цёплае і пажыўнае. Я набіраюся не толькі моцы, але і рашучасці. Яна напаўняе мяне ўсё большым нецярпеннем. Стоена рыхтуюся да нечага важнага. Не толькі для мяне.

      І вось наступае момант, калі дужасць мая не дазваляе маўчаць. Я гукаю. Абвяшчаю, што я ёсць, што я жыву. Хачу, каб пра гэта ведалі ўсе. Спадзяюся на разуменне роднай мне асобы, якую называць буду мамай. Так падказвае нешта ці то ўва мне, ці то ва ўлонні, якое атуляе мяне. Я спадзяюся, што яна першая прызнае маю існасць. І тады мы параднімся яшчэ больш. Хоць, здаецца мне, мы і зараз родныя. Раднейшых за нас няма на цэлым свеце. Я жыву яе сокамі. Сілкуюся яе сілай. Але я не хачу быць эгаістам. Сваім веданнем хачу падзяліцца з іншымі. І найперш з маёй маці.

      Я абнадзеена абвяшчаю ёй пра сваё існаванне.

      Трымціва чакаю ўзаемнасці. Чакаю прызнання мяне. Бо я ёсць, я жыву.

      Аднак адбылося нешта дзіўнае. Мая маці, гаспадыня майго ўтробнага жытла, нечага спалохалася. Я адчула гэта па схаладнеласці маёй пасцелькі. Мне стала не хапаць сілкуючых сокаў. Я ледзь не задыхнулася. Але я не мела права знікнуць бясследна. Бо я не ведаю, ці здагадваецца свет пра маё існаванне.

      Мне хапіла сіл, каб нагадаць пра сябе яшчэ раз. Але я зноў не адчула прыязнасці. Страх і злосць адчула я. Незразумелую зацятасць выяўляла мая маці.

      Я хацела пераканаць яе, улагодзіць. Я маліла яе: «Пачуй жа ты мяне, матулечка мая родная. Не аддавай на згубу крывіначку сваю. Хіба ж не твая кроў пульсуе ўва мне? Тваім дыханнем дыхаю я. Тваімі вачыма пазіраю на свет. Хіба не маё сэрца трапечацца пад тваім? Як жа добра нам слухаць гэтае суладдзе. Як цёпленька мне ў хатцы-калысцы, як утульненька.

      Нашто, мамачка мая неспазнаная, выстуджваеш ты гэтую хатку? Чаму халоднай злосцю ледзяніш маю душу? Хіба ж не выстыне і твая душа, мая ты мамулечка?»

      Але без адказу былі мае пытанні. Непачутымі заставаліся літанні.

      Мне