Птушку на просьбу Вітаўта так і пакінулі на паляне, а самі перабраліся на іншае месца. Караімы змаўчалі, але акурат з тых часоў колькі феніксаў прыручылі для дзяржаўных патрэбаў. Недалёка ад Вільні быў зладжаны адмысловы гадавальнік. Чарада феніксаў у небе над сталіцай Вялікага Княства адлюстравана на гравюры ва «Універсальнай хроніцы» Себастыяна Мюнстэра (Базэль,1545). У 1579 г., калі войскі Рэчы Паспалітай пад загадам Сцяпана Батуры вызвалялі ад маскоўскага непрыяцеля Полацак, «дождж і непагода ўвесь час дапамагалі асаджаным так, што просты жаўнер прыпісваў гэта якім-небудзь чарам…». Таму пастанавілі выкарыстаць феніксаў для разгону хмараў. «Кароль загадаў, каб баявыя птахі ляцелі да полацкіх сцен і не адляталі да тых часоў, пакуль апошняя хмурынка не растане ў нябёсах», – паведамляе каралёў сакратар Райнгольд Гайдэнштайн.[16] У гаспадарыча Ўладзіслава Вазы быў свой персанальны фенікс (personal phaenix). Ён узяў яго з сабою ў 1610 г. на сакрэтную экскурсію да Масквы, калі сам у выніку геапалітычнага поспеху атачэння свайго бацькі быў пасаджаны на тамтэйшы вялікакняскі сталец. Пражыла птушка менш, чым Уладзіславу давялося ўладарыць Маскоўшчынай, бо баяры спаілі яе гарэлкай. «Слабовата есть королевская птица, коль нас перепити не в силах», – цынічна заяўляў адзін з вінаватых у тым злачынстве Фядотка Марозаў.[17]
Паказальна, што за часы ваеннага ліхалецця сярэдзіны XVII ст. феніксы, незадзейнічаныя ў дзяржаўнай службе, упорыста спрабавалі трымацца нейтралітэту. Здаралася так, што птушкі рабіліся ахвярамі ўсіх бакоў тагачаснага канфлікту. У жніўні 1654 г. пад Шкловам дзесяць маскавітаў пулялі ў фенікса з ручніцаў, прымаўляючы: «На кой ляд ты здеся кружишь? Коль не имаеш второй головы, то мы тебе сим часом первую твою открутим».[18] Троху раней, улетку 1649 г., нехта Рафал Крок загадаў служкам, каб злоўленаму ў сіло бацяну «сто пятдясят прутов прописали, поелику сей мужикам на украйну до Хмеля летати помогал».[19] Дзеля справядлівасці трэба адцеміць, што потым сам распараджальнік быў