Падышоўшы да машыны Уладзімір, да свайго здзіўлення, не знайшоў увагнутасць на крыле. Гэта палепшыла яго настрой. Вярнуцца ў салон, завесці матор, уключыць музыку: усё гэта стала справай адной хвіліны. І вось ужо зялёны аўтамабільчык зноў на шляху.
«У старажытнасці варажбіты выкарыстоўвалі жывёл для прадказанняў, цікава, што б на іх варажбiцкi погляд азначаў бы ўдар дзiком у стары корч…» – думаў Уладзімір. Ад гэтых думак ён развесяліўся яшчэ больш і ў выдатным настроі заехаў на вуліцы Гродна.
Шэрая смуга туману пакрывала старадаўні горад. Зіма, пазбаўленая пакладаў снегу і моцнага холаду, панавала ў ім. Адны людзі былі апранутыя ў зімовыя курткі, іншыя – ледзь не ў летнія ўборы. Тратуары здаваліся намаляванымі цёмнымі фарбамі па грубым палатне, а яшчэ далей, праз туман, праступалі абрысы храмаў, якія здаваліся нейкімі прывіднымі замкамі ў змрочных далінах.
Хлопец і дзяўчына стаялі ў скверы Фары Вітаўта. У тры гадзіны дня, яны ўбачылі, як з боку вуліцы Замкавай у сквер увайшоў цёмнавалосы чалавек з невялікай барадой, апрануты ў армейскага пакрою паліто. Ён прыпаркаваўся непадалёк і цяпер ішоў паспешлівым крокам да помніка, каля якога павольна хадзіла маладая пара. Падышоўшы да іх, чалавек сарамліва ўсміхнуўся і, працягнуўшы кожнаму з іх руку, два разы сказаў:
– Уладзімір. Рады пазнаёміцца.
– Віка, – адказала дзяўчына, – вельмі прыемна.
– Мечыслаў, – сказаў яе таварыш.
Знаёмства ў рэальным свеце людзей ведаючых адзін аднаго толькі праз iнэт – можа быць вельмі цікавым, як і пачатак iнэтавай перапіскі людзей, якія ведалі да гэтага адзін аднаго толькі ў жыцці.
Праз трыццаць хвілін усе трое сядзелі з ноўтбукам у адным з гарадскіх кафэ. Адарваўшыся ад кавы, Уладзімір сказаў:
– Пакуль я ехаў да вас мяне ледзь не пратараніў дзік. Гэта быў самы ўражальны кантакт з прыродай у маім жыцці.
Віка і Мечык змяніліся ў твары.
– А ў мяне… – выпалілi яны адначасова.
Мечык усміхнуўся і памаўчаў, даючы зразумець Віцы, што яна можа працягваць.
– А ў мяне, – працягнула Віка, – таксама быў, так бы мовіць, кантакт пакуль я сюды ішла. Матылёк, і, здаецца, гэта рэдкi матылёк – вачнiца. Велізарная проста! І яна ж начная, але прыляцела