– Багата дзіўнага, сыне, ёсць на Божым свеце. А каторыя дзівосы і самі людзі вымыслілі, каб пацеху з таго мець. Склалі гэтую кнігу ў Грэках, а тлумачаная яна і перапісаная вучонымі мніхамі на ўказ нашай князёўны Прадславы Святаслаўны, у манастве найпадобнейшай Еўфрасінні. Казаў табе дзяк пра яе?
– Казаў. Помніць, як у святы град Ерусалім яе праводзілі. Чытаць далей?
– Чытай, чытай… – няўважліва адгукнуўся спахмурнелы раптам князь.
Хутка і яго Полацк правядзе. Ці паслухае ён пераможную ютрань у Сафіі? Еўфрасіння дадому не вярнулася. Можа, і ў ягонай кнізе лёсу тое ж запісана? А калі не вернецца, хто на полацкі пасад сядзе? За душу ўзяла крыўда невядома на каго. З першаю жонкай не было дзяцей, а сыны, што Бог даў са Звеніславаю, яшчэ ў такіх летах, што наперад не загадаеш. Барыску нядаўна толькі грамаце вучыць аддалі, а Глеб зусім малы, ад зямлі меч не адарве.
– «Ёсць у мяне палата злата, а ў ёй ёсць зярцала праведнае, стаіць на чатырох слупах златых. Хто зрыць у зярцала, той бачыць свае грахі, якія сатварыў ад маладосці. Блізка таго і другое зярцала, скляное…» – чытаў Барыска.
– Досыць, сыне, – адарваўся ад нялёгкіх думак князь. – Бачу, не дарма мой хлеб дзяк есць. А скажы, у ваярскай справе як паспеў? З лука ці гожа б’еш?
– За дваццаць сажняў у маладую бярэзінку пацэлю. А меч Ратмір не дае.
– Чаму?
– Кажа, – збянтэжыўся Барыска, – пуп развяжацца.
– А што, не развяжацца? – засмяяўся князь, трасянуўшы шорсткімі русымі кудзерамі.
– Не! – цвёрда сказаў хлопчык.
– Ладна, загадаю, каб даваў табе меч.
– Тата, – зусім асмялеў Барыска, – а ці хутка мяне на вайну возьмеш?
У князя зашчымела сэрца. Усплыло на памяць, як самога бацька ўпершыню ўзяў у набег, як першы раз пачуў посвіст чужынскай стралы… Ён прыгарнуў малога да грудзей, правёў калянай даланёй па ядвабных сынавых валасах. Дзве макаўкі ў Барыскі на галаве, як і ў яго самога. Кажуць, шчаслівы знак.
– Хутка, сыне. Чатыры леты засталося. Такі ўжо ў князёў крывіцкіх няпісаны закон: у тры гады сына на каня садзіць, у сем аддаваць у навучанне грамаце, а як міне дванаццаць – можна княжыча і на вайну браць.
– Чатыры леты… – расчаравана працягнуў хлопчык. – Тады хоць у пацешную вайну навучы, што з Віславусам гуляеш.
– Ну, на такую вайну табе ўжо можна. Калі хочаш, зараз і паваюем.
– Хачу! – успыхнулі ў княжыча вочы.
Валодша ўзяў з паліцы куфэрак са слановай косці і высыпаў на сталец дзве жмені жаўтлявых касцяных фігурак. Стальніца была не простая – папераменна выкладзеная кавалачкамі светлага і цёмнага дрэва.
– Вось гэта ратнік. – Князь паставіў на светлае поле першую прысадзістую фігурку ў шаломе і з барабанам у руках. – Ідзе ратнік на бітву адно ўперад, назад яму дарогі няма. – «Назад яму дарогі няма», – міжволі паўтарылася ў князевых думках. – А гэта ладдзя, мяно ёй таксама насада…
У святліцу зайшоў ваявода Віславус. Быў ён круглатвары, з кароткай барадой