Відаць, мы ўжо ніколі не даведаемся, што занатавалі полацкія манахі пад 6574 (6574–5508 = 1066) годам. Кіеўскі ж летапісец пакінуў такія словы: «Прыйшоў Усяслаў і ўзяў Ноўгарад з жанчынамі і з дзецьмі, і званы зняў са святой Сафіі». За год да гэтага полацкая дружына ўжо хадзіла на Пскоў авалодаць якім, праўда, не ўдалося. Мірнае жыццё крывіцкага князя з суседзямі скончылася.
3 рашучасці ды імклівасці дзеянняў Усяслава-ваяра можна толькі дзівіцца. Не паспеў праехаць пераможцам, як некалі яго бацька Брачыслаў, па ноўгарадскіх вуліцах, не паспеў нацешыцца галасамі прывезеных з багатаю здабычаю званоў як на пачатку 1067 года вырушыў на Новагародак (сённяшні Наваградак). Гэты горад некалі пабудаваў Яраслаў Мудры, каб завалодаць населеным літвою наваколлем і адтуль пагражаць Полацкаму княству.
Палачанаў зноў вяла зорка ўдачы. Яны выбілі з Новагародка кіеўскую дружыну і заявілі пра свае правы на літоўскія землі. Другая перамога запар страшэнна ўстрывожыла трох сыноў Яраслава Мудрага на чале з кіеўскім князем Ізяславам. У лютым таго самага года, аб’яднаўшы сілы, яны наважылі пераняць Чарадзея на шляху дадому.
Яраславічы правільна разлічылі, што вяртацца полацкія дружыны будуць праз Менск – умацаваны горад на паўднёвай мяжы свайго княства, – і вырашылі апярэдзіць Усяслава. Убачыўшы са сцен вялізнае варожае войска, менчукі пастанавілі ўсё ж бараніцца, бо чакалі, што вось-вось падыдзе дапамога. Як кажа летапіс, яны «затворишася в граде», але адбіцца ад злучаных сіл паўднёвых княстваў не здолелі. Абаронцаў напаткала лютая расправа: усіх мужчын пасеклі, а жанчын і дзяцей узялі «на шчыт», значыцца, у палон.
Гэта найстаражытнейшая згадка ў летапісе пра Мінск, ад якой традыцыйна адлічваецца яго гісторыя. Як мы бачым, 1067-ы – дата не заснавання нашай цяперашняй сталіцы, а яе знішчэння.
Усяслаў не мог дазволіць ворагу прарвацца ў глыбіню свае краіны. 3 сакавіка войскі полацкага князя і Яраславічаў сышліся паблізу спаленага Менска на рацэ Нямізе. Тыдзень пагрозліва ашчаціньваліся дзідамі, стоячы ў глыбокім снезе, а потым «бысть сеча зла і мнози падеша с обе стороны». Дзякуючы «Слову пра паход Ігаравы» пра тую сечу ведаюць ва ўсім свеце.
Ha Нямізе галовы сцелюць снапамі,
харалужнымі малоцяць цапамі,
жыццё кладуць на таку злюцела,
веюць галаву ад цела.
Нямігі крывавыя берагі
не збожжам былі засеяны зноў —
засеяны косцьмі рускіх сыноў.
Пераважна з паэтычных радкоў «Слова» і можна сёння ўявіць бітву: адрывістыя загады ваяводаў смяротныя ўдары дзідаў звон мячоў кіпенне крыві на здратаваным снезе і салодкае забыццё параненых, якіх мароз хутка выпраўляў у невараць. Летапісы