Варагава задума прыйшлася Брачыславу даспадобы. Эймунд зрабіў у лесе за баявым кіеўскім станам засаду і ўрэшце захапіў княгіню ў палон, што і дапамагло атрымаць Віцебск і Усвят.
Як бы ні разгортваліся падзеі, Яраслаў Мудры прызнаў незалежнасць Полацка і з Рагвалодавічамі болей не ваяваў.
Пасля сустрэчы на Судоме полацкі і кіеўскі князі дамовіліся быць «братанічамі». Абодва мелі на кіеўскую зямлю роўныя правы, і таму адзін сядзеў у Полацку, другі – у Ноўгарадзе, а Кіевам кіравалі праз намеснікаў Летапісы кажуць пра існаванне там «Ярославля» і «Брячиславля» двароў «Будзь са мною заадно («за един»), – было сказана ў дамове пасля Судомы, – і ваявалі Брачыслаў з Яраславам разам усе дні жыцця свайго».
Як яны ваявалі разам, нічога невядома. Пасля 1021 года Брачыславава дружына найчасцей выпраўлялася ў той бок, куды сядае сонца. Пра паспяховасць тых паходаў гавораць сёння ўтвораныя ад імя полацкага князя геаграфічныя назвы.
На возеры Дрывяты стаіць горад Браслаў, што ў летапісах зваўся па імені заснавальніка – Брачыслаўль. За пару дзесяткаў кіламетраў ад Краславы, на беларуска-латышскім памежжы, ёсць на возеры Сівер вёска Браслаў са старажытным гарадзішчам. Паселішча з такой назваю існуе і трохі на поўнач ад Оршы, якая разам з Копысем і часткаю Прыдняпроўя трапіла пад уладу Полацка зноў-такі за часам Брачыслава Ізяславіча.
Супастаўленне летапісных сведчанняў з «Эймундавай сагай» і археалагічнымі матэрыяламі даюць падставы казаць, што ў 1024 годзе паміж Брачыславам і Яраславам была заключаная новая дамова, паводле якой да Полацкага княства адышла Менская воласць.
У часы Брачыслава Полацкая дзяржава не зведала варожых нашэсцяў Гэта быў рэдкі ў нашай гісторыі перыяд міру і спакою.
Пра тое, што сучаснікі разглядалі Полацкую зямлю як незалежную дзяржаву, красамоўна кажа і наступны прыклад. Калі ў 1015 годзе, пасля смерці вялікага князя кіеўскага Упадзіміра Святаславіча, паміж яго сынамі разгарнулася жорсткае змаганне за вярхоўную ўладу (сямёра з дзесяці жывых на той час Уладзіміравых сыноў у гэтых усобіцах загінулі разам з нашчадкамі), ніхто з іх не выявіў варожасці да Брачыслава Ізяславіча, ніхто не паквапіўся на яго ўладанні. Ужо тады кіеўскі княжацкі дом не лічыў Полацкую зямлю часткаю Кіеўскай Русі.
Калі б я быў мастаком, дык намаляваў бы два партрэты князёў якіх нашыя жывапісцы пакуль што не надта песцяць увагаю. Асветнік Ізяслаў схіляўся б над кнігаю, расчытваючы выведзеныя на пергамене пісьмёны, а Брачыслаў гуляў бы з Эймундам у шахматы, абдумваючы паход на ноўгарадцаў
Час Чарадзея
Паспрабуем знайсці ў ранняй гісторыі ўсходніх славян прыклад, каб два князі – бацька і сын – трымалі дзяржаву цэлае стагоддзе. Нехта скажа, што такога і быць не магло: