Кажуць, у такіх выпадках гены наймацней праяўляюцца празь некалькі пакаленьняў. Баюся, што гэта праўда. Калі сустракаю цыганоў, душа мая трывожна і ўадначас соладка сьціскаецца, і я нібыта чую ў ёй звон крышталёвых келіхаў. Раз-пораз кроў майго безыменнага чарнявага продка ўладна змушае мяне забыцца пра найпільнейшыя турботы і зьехаць на колькі дзён проста ў сьвет – начаваць у гатэлях і на вакзалах, ці, прынамсі, ад’ехацца на спадарожнай машыне на паўсотні кілямэтраў ад гораду і, закінуўшы рукі за галаву, да ночы ляжаць недзе пад стогам, сочачы аблокі.
У мяне нядобрае вока: варта мне пільна паглядзець на чалавека, як ён – асабліва, калі гэта жанчына, – спатыкаецца. Цыганкі ніколі не бяруць зь мяне грошай за варажбу. Што да іхніх прароцтваў, дык, апрача ўсяго іншага, яны, нібы змовіўшыся, абяцаюць мне нейкую «наглую» сьмерць.
Цыганкаю была й тая юная, кучаравая і ўмелая істота, якая зрабіла мяне мужчынам.
Калі я бачу сучасны табар: пасьцеленыя паміж вакзальных лавак коўдры, мурзатых дзяцей, маладзёнаў, што проста ў прыцемным кутку могуць адважна маркітавацца, мяне часам перасмыквае, але насуперак усяму вусны ўсё адно шэпчуць немаведама калі і як запалыя ў памяць словы «Лачо дывэс тумэн, гэ ромалэ! – Шчасьлівай дарогі вам, цыганы!..»
На цыганскім сучку абломваецца жаночая галіна мамінага радаводу і застаецца апошняя мая надзея й паратунак – маміны продкі па мячы.
Прадзед Дзяніс, бацька дзеда Максіма, не вярнуўся з апошняе расейска-турэцкае вайны. Калі ў менскім храме Аляксандра Неўскага, што на Вайсковых могілках, я перачытваю імёны беларускіх ваяроў 30-й артылерыйскай брыгады і 119-га Каломенскага палка, палеглых 18 ліпеня 1877 году пад Плеўнаю – «Канониры Іосіф Вайшвіло, Іаков Чирка… Рядовые Іоанн Гунька, Франц Тваска, Стефан Комар, Григорий Мурашка, Стефан Сыс…» – зазвычай на імені «Іосіф Войнич» ува мне пачынае зьвінець струна загадкавага хваляваньня. Якая сувязь існуе паміж мною й гэтым Войнічам? Магчыма, ён ваяваў разам зь дзедам, спаў зь ім побач на баўгарскіх камянях, а магчыма…
Хто скажа, што пераважыць на вагах гонару: сьмерць за свабоду іншага народу ці жыцьцё, аддадзенае за вызваленьне свае зямлі? I ўсё ж невыказна горка ад таго, што ўжо два стагодзьдзі, як на першую з гэтых шаляў – за свабоду нашых далёкіх і блізкіх суседзяў – пакладзена беларускіх жыцьцяў нязьмерна больш, чым за свабоду ўласную.
Мой прапрадзед Баўтрамей, народжаны (паводле запісу на некалькіх, дзівам ацалелых старонках царкоўнае кнігі) у 1830 годзе, меў ва ўзросьце Хрыста магчымасьць абраць другі з гэтых