Пад ракурсам сённяшніх падзеяў тая прыгода выглядае зусім іначай. А што, калі ты страціў унікальную магчымасць твар у твар сустрэцца са сваім будучым увасабленнем, пасля чаго твой лёс мог бы крута змяніцца і, верагодна, ты даўно ўжо перажыў бы рэінкарнацыю…
Наастачу – апошняя з вядомых табе «мядзведжых» гісторыяў – зноў, як і першая, пра педагога, гэтым разам пра настаўніцу расейскай мовы, прысланую ў заходнебеларускую каталіцкую вёску. Тая сціплая працаўніца на ніве народнай асветы несла цёмнаму тамтэйшаму люду святло свайго «великого и могучего языка», несла ахвярна і самааддана, але нядоўга: у сцюдзёную калядную ноч на снезе ў беларускім лесе ад жанчыны-педагога засталіся толькі спярэшчаныя «двойкамі» вучнёўскія сшыткі ды арэнбургская пуховая хустка. Пазней мужная выкладчыца стане гераіняю балады папулярнага айчыннага барда, але там, як і ў кожным мастацкім творы, ёсць прынамсі дзве невялікія недакладнасці: насамрэч настаўніцу прыслалі не з Бійска, а з Валакаламска, а з’елі яе на святочную вячэру не нацыяналістычна настроеныя санітары лесу – ваўкі, а мядзведзі-патрыёты, што ты мусіш канстатаваць з пачуццём глыбокага чалавечага смутку, мімаходзь заўважаючы паміж настаўніцай расейскай мовы і расейскай дзяўчынкаю Машай нейкую лёгкую містычную сувязь.
Згадка пра прыезджую здалёк выкладчыцу братняе мовы наводзіць на думку пра падарожжы, якія, пакуль ты ў чалавечай іпастасі, займаюць у тваёй іерархіі каштоўнасцяў надзвычай высокае месца – напэўна, з тае прычыны, што адзін з тваіх продкаў належаў да вандроўнага цыганскага племя. (Між іншым, якраз цыганы, паводле згаданага нядаўна палескага падання, і былі раней мядзведзямі, або мядзведзі былі цыганамі.)
Нарадзіўшыся ў бурай шкуры, ты відавочна атрымаеш прынцыпова іншыя магчымасці вандраваць па свеце. З аднаго боку, здымаецца з парадку дня пытанне фінансаў, затое, з другога, падарожнічаць давядзецца на сваіх чатырох, што, зрэшты, больш пазнавальна і карысна для здароўя. Гэта значыць, вырушыўшы ўвесну з-пад Менска і перасоўваючыся пераважна начнымі перабежкамі, Каляды можна будзе сустрэць недзе пад Лісабонам. Паглядзіш, як жывуць твае заходнееўрапейскія суродзічы, а мімаходзь высветліш, на якой мове яны гавораць: ці то на адной – незалежна, з-пад Докшыцаў паходзіш ці з-пад Жэневы – ці то ў кожнай краіне мова свая, а для міжнародных сувязяў існуе нейкі мядзведжы «інгліш».
Але цікава, як ты збіраешся перасякаць дзяржаўныя межы і, найперш – надзейна перакрытую заходнюю мяжу тваёй дзяржавы, патрыётам якой ты, верагодна,