– Людзі, якія маюць дастаткова досведу, могуць шмат. Але вам ведаць гэта зусім неабавязкова.
– Ну вось, заўжды вы аб чымсьці пачнеце казаць, а распавесці падрабязна адмаўляецеся. Толькі цікаўнасць распальваеце! – з дакорам сказала дзяўчынка.
– Ужо надта позна, вам трэба ісці дадому адпачываць.
– Увесь час вы адыходзіце ад тэмы! Стары толькі пакруціў галавой.
– Верагодна, калісьці я і адкажу на вашыя пытанні, але не сёння. У рэшце рэшт, мадэмуазэль, майце сумленне – я стары чалавек, мне патрэбны адпачынак! Дый вам ужо час ісці.
Стары развітаўся з Басяй і Міхалам, правёўшы іх да дзвярэй. Яны бадзёра крочылі па вуліцы і, не звяртаючы ўвагі на рэдкіх мінакоў, гучна размаўлялі.
– Ты чуў, як ён назваў мяне легкадумным дзяўчом? – абуралася Бася. – Толькі падумай, сам адправіў мяне сюды, а яшчэ кажа, што я нешта не так раблю. Цікава, што бы я тут пабачыла, седзячы ў цябе дома?
– Ну, мабыць, ён мае рацыю ў чымсьці? – папытаўся падтрымаць старога юнак. – Ты ж часам сапраўды бываеш надта цікаўная!
– Што?! Дык ты яшчэ і на яго баку? Здраднік! – усклікнула дзяўчынка і раптам засмяялася. – Шкодны старызна – ён нават не хоча ўсё распавесці! Нібы я камусьці пачну выдаваць яго таямніцы. Што яму ад мяне скрываць? Вось калі б я была на яго месцы, я б не сакрэтнічала, а адказала на ўсе пытанні да апошняй дробязі. Прыкры да жаху! А ты толькі ўяві, як бы гэта было файна – падарожнічаць у часе. Тым больш што можна некалькі разоў вяртацца ў адзін і той жа час ды месца. Ды ад гэтага проста дух захоплівае, праўда, Міхал?
– Ай, Бася, гэта ўсё казкі для малечы! Ну якое падарожжа ў часе?
– Ну я ж тут! Я гэтаму, можна сказаць, рэчавы доказ! А ўяві, калі аб’яднаць нашы веды, тваю моц і мае вынаходлівасць і хітрасць…
– О, вось у чым, у чым, а ў хітрасці табе не адмовіш! Гэта твая галоўная якасць! – зарагатаў Міхал.
– Нудны ты! Нават памарыць з табой нельга.
Тут з дзвярэй найбліжэйшага дома вываліўся п’яны чалавек. Ён павярнуўся да Басі і Міхала, прыжмурыўся і, ашчэрыўшыся, прамовіў нецвярозым языком:
– Якая сустрэча! Ну трэба ж – Саколіч! Ды не адзін, а са сваёй… – Годыеўскі пахіснуўся і ледзь не ўпаў.
– Саступі з дарогі! – рэзка сказаў юнак, засланіўшы сабою Басю.
– А я не саступлю – Паляк агідна пагразіў пальцам і раптам выхапіў з похваў меч.
Бася ўскрыкнула, але Міхал не збянтэжыўся – і ў яго руках таксама бліснула зброя.
– Годыеўскі, у апошні раз кажу табе – саступі!
Замест адказу лях зрабіў выпад у бок Міхала. Бася адскочыла, а юнак паспеў адбіць удар. Годыеўскі зноў кінуўся да яго.
– Спыніцеся! Зараз жа спыніцеся! – закрычала дзяўчынка.
– Ды ўціхамір ты сваю дзеўку! – прабрахаў паляк.
Ад