Эфект першага тыдня быў традыцыйна станоўчым, не гледзячы на пэўныя цяжкасці, звязаныя з наяўнасцю спецыфічна спартыўных класаў і бестэрміновага рамонту кабінета хіміі, дзеля чаго з восьмымі даводзілася займацца часцяком у актавай зале, адчуваючы сябе ў пэўным сэнсе гладыятарам. Ave caesar! Morituri te salutant!
Са сваімі ж дзеткамі я насіўся, як ведамы персанаж з пісанай торбай. Гэта ім яўна не падабалася. Хаця цешыліся з таго, што прагул многімі суботніка мінуўся беспакаранна. Насіцца яшчэ трэба было і таму, што 11 «А» клас распачынаў сезон унутрышкольных дзяжурстваў. Штоперапынак я бегаў да іх, выганяючы на пасты. Яны павольна, быццам цягнучы час, пакідалі аўдыторыі, але часцяком не паспявалі прайсці і пару крокаў па калідоры, як пачынаў гучаць парадаксальна выратавальны для іх званок на ўрок. Ніхто нават і не таіў сваёй радасці з гэтай прычыны. А мне тая радасць была, як горкія суніцы. Салодкіх вяршкоў у гэтыя суніцы спрабавалі дабавіць невядомыя кідальнікі «глушцоў» – штодня я меў на маім мабільным старэчы да паўсотні страчаных выклікаў з сама мала дзесяці розных нязнаных мне нумароў. Такія вяршкі не прыпадалі да смаку. Але ж мусіў цвердзіць сабе: «Цярпі гора, будзе і мёд». Наважыцца на анталагічны бунт я ніяк не мог, бо больш за ўсё на свеце баяўся страціць звычную сістэму быццёвых каардынатаў. Ды яшчэ і ў першы навучальны тыдзень, ды з дзяжурствам па школе. Зрэшты, як бы мне ні хацелася захаваць быццёвую стабільнасць, восі каардынатаў міма маёй волі хісталіся. І хісталіся добра… Гэтыя рухі, гэтыя бегі нябесныя надломлівалі маю душу, і неўпрыкмет для сябе я змяняўся і выразна не ў бок дасканаласці.
Як дзяжурны па школе мусіў пільнаваць, ці датрымліваецца вучнямі дзелавы стыль адзення. Калі шчыра, дык мне было да лямпачкі, у што апранаюцца дзеці, абы толькі не ў брудныя лахманы. Дый ніхто нікому не дазволіў бы пагнаць пераапранацца раніцой ладную палову школы! А яно ж так і было – на дзелавы стыль бальшыня вучняў з добрым сумленнем забіла вялікі цвік. Каб хоць неяк паказаць стродкасць і прынцыповасць у гэтым пытанні, я папросту не пусціў на свае ўрокі ўсіх вучняў, што прыйшлі ў джынсе. Найперш дасталося дыхту дзявятым. А ў 9 «Б» з гэтай нагоды прагучаў дыялог, які адразу стаўся класічным. Вучні тады былі збольшага агаломшаныя маім учынкам і наракалі на нястачу грошай, каб набываць адмысловыя апранахі. «Дзе ўзяць штаны?» – патэтычна ўсклікала рэшта хлапцоў. «Спадніцу дзе ўзяць?» – незадаволена гукала астача дзяўчат. Настрой у мяне быў забойны, і я без віхлянняў раіў заняцца перашыўкай бацькоўскіх рэчаў.
– Вы ўяўляеце, як холадна ехаць ранкам у школу? Мы ж у спадніцах сабе