Заслухаўшы ў 1911 г. на пасяджэнні Рускага геаграфічнага таварыства паведамленне Сержпутоўскага аб гаспадарчым побыце, промыслах беларусаў-палешукоў, таварыства даручыла яму распрацаваць падрабязную праграму для збірання матэрыялу па этнаграфіі рускага насельніцтва Расіі. Заданне было выканана хутка і бліскуча. «Распрацаваная Сержпутоўскім праграма можа служыць узорам стварэння творча прадуманай сістэмы, навуковага падыходу да збірання этнаграфічных матэрыялаў людзьмі розных узростаў, кваліфікацыі і адукацыі»[55], – пісаў А. Кіркор.
Асаблівую каштоўнасць уяўляла прыкладная схема складання апытальных лістоў па розных раздзелах праграмы. Так, напрыклад, высвятляючы ўсе бытуючыя ў пэўнай мясцовасці акалічнасці, што былі звязаны з агнём, Сержпутоўскі падказваў рэспандэнтам мноства дэталяў, якія дапамагалі ім лягчэй справіцца з заданнем. Вось як выглядалі некаторыя пункты гэтай анкеты, у распрацоўцы якой прымаў удзел А. Кіркор.
1. Агонь. Якія матэрыялы выкарыстоўваюцца для ацяплення (дровы, салома, торф, кізяк)? Асвятленне (лучына, масла, тлушч, газа). Якія ўжываліся раней прылады для асвятлення (свяцец, каганец)?
2. Як даўней здабывалі агонь (трэннем, свярленнем, з дапамогай дамашніх запалак, вогніва)?
3. Ці ўжываліся гарачыя камяні для награвання вады для лазні, мыцця бялізны, чысткі посуду, пчаліных вулляў?
4. У якіх выпадках агонь замяняў розныя прылады працы (пры выпальванні адтулін у дрэве, пры вырабе лодак, карыт, мастацкіх узораў)?
Глыбокае веданне закранутай праблемы паказаў Сержпутоўскі, распрацоўваючы іншыя раздзелы праграмы. Яго цікавіла не толькі тое, як выконваецца тая ці іншая работа, аперацыя, але і тое, хто ў вёсцы займаецца гэтым промыслам, ці пераходзіць прафесія ад бацькі да сына і г. д.
Дзякуючы гэтай праграме ўдалося ў значнай ступені пашырыць веды аб жыцці, інтарэсах беларускага дарэвалюцыйнага сялянства.
У журнале пасяджэнняў савета аддзялення этнаграфіі Рускага геаграфічнага таварыства за 1912 г. маецца наступны запіс: «А. К. Сержпутоўскі прымаў актыўны ўдзел у рабоце таварыства, часта выступаў з паведамленнямі. Так, яго паведамленне з выпадку выступлення правадзейнага члена Э. Л. Вальтэра «Галашэнні ў літоўцаў» было прызнана бліскучым прыкладам удзелу ў савеце»[56].
У 1913 г. Аляксандр Казіміравіч быў выбраны сапраўдным членам Рускага таварыства аматараў светазнаўства.
У сакавіку 1914 г. у выставачнай зале этнаграфічнага аддзела Рускага музея праходзіла выстаўка касцюмаў рускага насельніцтва Галіцыі, Букавіны і Венгрыі з запаснікаў музея. Дэманстраваліся таксама фотаздымкі пабудоў, рэчаў хатняга ўжытку. Многія экспанаты былі прывезены