Яркія і цікавыя творы з’яўляліся адзін за другім. Пра вайну пісалі ўжо з большым роздумам, аналітычна, імкнучыся асэнсаваць тое, што значылі падзеі ваенных гадоў для чалавека, канкрэтнай асобы (“На чацвёртым годзе вайны” М. Стральцова). Былі надрукаваны дылогія А. Адамовіча “Партызаны” (“Вайна пад стрэхамі” і “Сыны ідуць у бой”), раманы I. Навуменкі “Сасна пры дарозе”, “Вецер у соснах”.
Звяртае на сябе ўвагу глыбока лірычная, праўдзівая проза М. Стральцова (“Сена на асфальце”), I. Навуменкі (“Хлопцы-равеснікі”, “Верасы на выжарынах”), Б. Сачанкі (“Зямля маіх продкаў”), I. Чыгрынава (“Птушкі ляцяць на волю”), I. Пташнікава (“Чакай у далёкіх Грынях”) і інш. Гэтыя творы называлі яшчэ спавядальнай прозай. Паэтызацыя прозы і празаізацыя паэзіі – такімі былі тэндэнцыі ў мастацкай творчасці пазначанага перыяду. Іншымі словамі, у прозе назіралася імкненне да выяўлення ўнутраных пачуццяў, а ў паэзіі ўсё большае месца займалі думка, аналіз. Як у прозе, так і ў паэзіі выяўлялася неадольнае жаданне дайсці да глыбінных вытокаў нашага грамадзянскага існавання, зведаць і адказаць самім сабе на пытанні: хто мы, што мы, што ў нас за душой, чым жывём і чым цікавыя мы сярод іншых людзей? Невыпадкова асаблівы поспех выпаў на долю твораў У. Караткевіча, менавіта дзякуючы таму, што на гістарычнай аснове, адметнай, нацыянальнай, вырасталі яго сюжэты, рамантычныя па духу, багатыя, змястоўныя, вострыя. Творы У. Караткевіча – філасофска-інтэлектуальныя па сваім змесце. Аўтар гаварыў пра мінулае, а меў на ўвазе светлы нацыянальны дом. Дойлідам нашага беларускага нацыянальнага дому выступіў у сваіх творах гэты пісьменнік. Ён пісаў:
Усе шляхі прыводзяць не да Рыма,
А да родных вербаў і бяроз…
Мова пісьменніка пластычная, чыстая, сакавітая. Жывапіс словам у яго вельмі каларытны. У паэта У. Караткевіча ёсць верш “Дзяўчына пад дажджом”, дзе даецца пластычны малюнак летняга дня, лірычна-натхнёны аповед пра дзяўчынку-падлетка, якая выбегла на дождж. У творы выказана захапленне маладосцю, хараством. Дзяўчына нібы злілася з сонцам, з дажджом, вырастае пад небам, расце з зямлёй, усё тут з’ядналася – і водар бэзу, і пахі зямлі, і фарбы неба. Дзяўчына – вернасць, дзяўчына – вечнасць, калі так хочацца жыць і жыць. Але… “ стронцый быў у дажджы”. Нечаканае, як стрэл, заключэнне змушае задумацца пра лёс чалавека, які толькі сабраўся жыць і