І яна не памылілася ў сваіх адчуваннях. Назаўтра сабралася на пляж раней звычайнага і як толькі звярнула са сцежкі, спрэс парослай кураслепам ды асакой, і выйшла на пясчаны бераг Ясельды, адразу ж угледзела Гнатко. Ён сядзеў на тым самым месцы, дзе ўчора ляжала коўдра, і таксама заўважыў яе, бо прыўзняўся, памахаў рукой. А яе ахапіла няўцямнасць: штосьці тут, на гэтым пляжы, не гэтак, як учора, штосьці змянілася – перад ёю ляжала, бы вымерлая, пясчаная роўнядзь. Хаця не, вунь там мажная жанчына з трыма дзецьмі, і ўсё! Акром гэтых чатырох і Гнатко – ні душы, пра гэта яна і спыталася, калі падышла да яго.
– Падобна на прыродны катаклізм, – сказала жартам. – Учора тут проста ўсё кішэла людзьмі, а сёння бы вымерла… Мёртвы пляж. Што здарылася?
– Лета адыходзіць. Студэнты падаліся ў свае вучэльні, школьнікі таксама ўпрытык са школай, дый прырода… Пасля абеду абяцаюць дождж, і, думаю, будзе.
Пакуль яна рассцілала коўдру на пяску, з сумкі выкацілася некалькі яблыкаў.
– Хочаш? – паказала позіркам на іх. – Гэта белы наліў.
– Бачу, – адказаў ён, але яблык не ўзяў.
– Адвярніся, – папрасіла яго. – Трэба распрануцца.
– Сёння не так спякотна, можна і ў шортах.
Але яна сцягнула іх, кінула паверх і майку.
– Слухай, а дзе твая адзежа? Ты размясціўся ў нейкім іншым месцы?
– Не-е, усё маё валяецца недзе тут з мінулага года.
– Хочаш сказаць, што адно і робіш, што бавішся на пляжы?!
– Хм-м, – толькі і адказаў ён, прысаджваючыся побач.
Ёй хацелася распытаць, дзе ён працуе, з кім і на якой вуліцы жыве ў гэтым мястэчку, але замест гэтага сказала, расцягваючыся на коўдры:
– Дык ты кажаш, што сёння павінен быць дождж? І не дзіўна! Сённяшні дзень і заўтрашні – тая самая мяжа паміж летам і восенню, і я на гэтай мяжы нарадзілася. Сёння – мой дзень нараджэння! Можаш пачынаць віншаваць… Прымаю пажаданні, а магу і букеты… Я – Дзева! Дзевы любяць кветкі.
Яна бачыла, што па ягоным твары прабег цень разгубленасці, і падахвоціла:
– Урэшце, проста вазьмі і пацягай мяне за вушы, як у дзяцінстве.
Ён вагаўся, потым пахітаў галавою:
– Лепш кветкі. На тым беразе цэлы зараснік лотаці. Пялёсткі бы ў лотаса. Незвычайна буйная лотаць. У нас тут яе, бывае, завуць жоўтай лілеяй. Я мігам!..
І ён ускочыў, шпарка пайшоў да ракі.
– Чакай, Гнатко!
Ён азірнуўся, прыпыняючыся.
– А калі твой дзень нараджэння?! Ты хто па гараскопе?
Ён не адказваў, адно глядзеў на яе, потым нагнуўся, выхапіў з-пад ног нейкі пруток і праз колькі крокаў штосьці хутка пачаў пісаць на вільготным пяску.