– Не твае гэта родзічы, Вухуцік! – сказала Мінола. – Ты ў нас разумны і цікаўны!
Відаць, тую самую выснову зрабіла і Улада, бо яна адразу страціла цікавасць да страусаў. Тым больш Вухуцік казаў, што наўрад ці яго родзічы – птушкі. У яго ж няма пер’я.
Дзяўчынка запыталася ў брата:
– А хто яшчэ, акрамя птушак, яйкі адкладвае?
– Змеі, чарапахі, кракадзілы, – стаў пералічваць Стасік. – Хочаш на іх паглядзець?
– Абавязкова! – адказала Улада.
– Добра, зараз пойдзем, але спачатку прапаную пачаставацца. Што табе купіць? – запытаўся Стасік.
– Цукровую вату! – папрасіла дзяўчынка.
Праз хвіліну бела-ружовае воблачка на палачцы было ў яе руках. Улада адарвала кавалачак і паклала ў рот. Ёй трэба было незаўважна пачаставаць вухуцян, таму яна зняла заплечнік, паставіла на лаву і села побач.
– Як козачкі смешна скачуць! – Улада паказала на суседні вальер.
Пакуль Стасік назіраў за малымі гарэзамі, яна ледзь не палову цукровай ваты скарміла вухуцянам.
– А зубр які магутны! – дзяўчынка дзівілася, разглядаючы пушчанскага волата.
Стасік адвярнуўся ў бок зубра, і вухуцянам хапіла часу, каб з’есці амаль усё салодкае воблачка.
– Смачна было, дзякуй! – сказала Улада, аблізнуўшы пустую палачку. – Цяпер піць хочацца.
Стасік пайшоў да кіёска, але не змог сам выбраць напой, таму паклікаў сястру. Улада шапнула сябрам: «Я зараз!» – і пабегла. Яна выбрала ваду, узяла пакуначак з цукеркамі, вярнулася да лавы і… абамлела! Заплечнік быў пусты! Ля яго сядзеў Вухуцік, астатнія іншапланетнікі зніклі.
– Сінька з Зялёнкай захацелі самастойна па заапарку пахадзіць! – патлумачыў сябар. – Рудаш і Мінола пайшлі, каб вярнуць іх назад ці хоць выратаваць у выпадку небяспекі, а я застаўся, каб табе пра гэта паведаміць. Дамовіліся сустрэцца тут, каля лавы. Яны хутка вернуцца, не хвалюйся!
– Ведаючы гэтых упраўных паненак, ёсць падстава хвалявацца! – устрывожылася дзяўчынка.
Падышоў брат, і Улада вымушана была ісці з ім далей. Цяпер у яе заплечніку быў толькі Вухуцік.
– Астатнія па заапарку пайшлі пагуляць? – пажартаваў Стасік.
– Ага, – мармытнула ў адказ Улада.
Уразілі Вухуціка і чарапахі, і змеі, і кракадзіл. Асабіста пазнаёміцца з імі не выпадала, бо падысці бліжэй не дазвалялася. Хлопчык толькі глядзеў на жывёл і думаў, ці не з іх роду былі яго сваякі. Сумна і самотна стала яму, калі выйшлі з тэрарыума. Улада зразумела, што яны не атрымалі адказу на галоўнае пытанне, дзеля якога яе сябар прыляцеў на Зямлю з далёкай Вухуціі і прыйшоў сюды, у заапарк. Таямніца сур’ёзна пагражала застацца неразгаданай, таму выйсце заставалася такое: даверыць вялікі сакрэт іншапланетнага госця адзінаму ў свеце чалавеку і запытацца ў яго, хто ж сваякі Вухуціка. Гэты чалавек зараз ішоў побач. Надзейны сябра – дакладна нікому нічога не раскажа. Выдатнік, які скончыў гімназію з залатым медалём, валодае ведамі. Стасік – іх апошняя надзея разгадаць загадку.
І Улада рашылася на размову:
– Стасік,