– А што такое заапарк і дзе ён знаходзіцца? – запыталіся вухуцяне.
– Гэта такое месца, куды збіраюць жывёл і птушак з розных краін і кантынентаў, каб людзі маглі іх пабачыць.
Рудаш зацікавіўся:
– Выдатна! Гэта ж можна не ехаць далёка, каб паглядзець на істот з іншых месцаў. Давайце сходзім у заапарк!
Улада сумна ўздыхнула:
– Раз у нас такая важная справа, як пошукі родзічаў Вухуціка, то мы ў заапарк завітаем, але я не люблю там бываць. Тамтэйшым жывёлам і птушкам не пазайздросціш. Іх, вядома, даглядаюць і кормяць, але яны назаўсёды страцілі сваю радзіму і волю. Даводзіцца жыць у невялікіх клетках, штодня знаходзіцца пад пільнай увагай наведвальнікаў заапарка. Я была там, бачыла іх вочы, і мне падаецца, у іх тоіцца сум.
Вухуцяне памаўчалі, яны асэнсоўвалі пачутае.
– Заўтра наведаем заапарк, – паабяцала Улада і змяніла тэму: – А зараз – час вяртацца дадому. Дадзім супакоіцца насельнікам балота!
Дзяўчынка расшпіліла маланку заплечніка, вухуцяне ўладкаваліся ў ім, і ўсе разам выправіліся ў зваротны шлях. Уладзе падумалася, што абавязкова трэба паказаць іншапланетным гасцям нешта асаблівае.
Чароўная скарбніца
Улада вырашыла паказаць гасцям сваё любімае месца, якраз непадалёк ад якога яны зараз ішлі.
– Сябры, запрашаю вас завітаць у чароўную скарбніцу! – загадкавым шэптам прапанавала дзяўчынка.
– Там каштоўнасці? – імгненна адрэагавала Сінька.
– Самыя сапраўдныя! – пацвердзіла Улада.
– І шмат іх там? – удакладніла Зялёнка.
– Нават злічыць цяжка! – адказала Улада.
– А дзе знаходзіцца гэтая скарбніца? – зацікавілася Мінола.
– Вось у тым прыгожым будынку, – дзяўчынка паказала напрамак рукой.
– Мы зможам увайсці туды і паглядзець на каштоўнасці? – запытаўся Рудаш.
– Не толькі ўвайсці і паглядзець, але і з сабой некалькі дадуць! – падміргнула Улада.
– Праўда?! – ледзь не выскачыла з заплечніка Сінька. – А хто дасць?
– Захавальніцы скарбаў! – таямніча адказала дзяўчынка.
– Дык пойдзем хутчэй! – папрасілі госці.
І гаспадыня, ямчэй прымасціўшы заплечнік, рушыла да будынка, у якім была чароўная скарбніца. Толькі ўвайшлі – іх ласкавай усмешкай сустрэла прыгожая спадарыня.
– Вітанне, Улада! Рады цябе бачыць! Ты своечасова. У нас шмат новага і цікавага з’явілася! Возьмеш зараз ці адкласці для цябе? Бо разбяруць хутка.
– Бяры! Прама цяпер бяры! – шапталі з заплечніка іншапланетныя госці, якім вельмі карцела займець зямныя каштоўнасці.
– Як добра я зайшла! – узрадавалася дзяўчынка. – Вазьму з задавальненнем!
– Праходзь у залу, выбірай! – гасцінна запрасіла спадарыня.
Улада падзякавала і павольна пайшла да лесвіцы, якая вяла на другі паверх.
– Чаго ты ледзь сунешся? Усе каштоўнасці расхапаюць, пакуль