– Я, цёця Таня, два разы ў тыдзень хаджу на плаванне, тры разы – на англійскую мову, а яшчэ на хор, на танцы і ў мастацкую школу. Гурток юных пажарнікаў наведваю па нядзелях, факультатыў па матэматыцы – па суботах, у школьным музеі экскурсіі праводжу па аўторках, у цяпліцы пры Доме піянераў працую па чацвяргах. Раз у месяц сама выпускаю школьную насцен-газету. А яшчэ я стараста ў класе, чэмпіён школы па зборы макулатуры і пераможца конкурсу абласной дзіцячай бібліятэкі на самы тоўсты фармуляр!
– І як жа ты, Маруся, усюды паспяваеш? – здзіўляюся я.
– Гэта цяжка, цёця Таня! Але мама кажа – трэба ўсюды паспець. Зараз цяжка, затое потым лягчэй стане… Бо я ўсё буду ўмець, а гэта значыць, змагу знайсці самую лепшую працу, – прыклаўшы далонь да вуснаў, шэптам па сакрэце паведаміла Маруся. – У мяне і сястра старэйшая такая ж здольная была ў дзяцінстве. Наведвала секцыю па плаванні, хадзіла ў музычную школу і на акрабатыку, вышывала крыжыкам, навучылася нават жангліраваць, магла пятнаццаць хвілін стаяць на галаве і чытала з хуткасцю трыста пяцьдзясят слоў у хвіліну, вучыла японскую мову і скончыла курсы бармэнаў, – загінала адзін за другім свае пальцы Маруся.
– Няўжо? – перапыніла я хвальбу дзяўчынкі. – І чым зараз твая сястра займаецца? Мабыць, ужо як мінімум прафесар ці касманаўт?
– Ну што вы, цёця Таня, хіба не ведаеце? – абурылася Маруся. – Наша Надзея, дзякуй Богу, нарэшце выйшла замуж і ўжо тры гады як хатняя гаспадыня!..
Хатнiя феi
У жанчын самы каштоўны час – абедзенны перапынак… Усяго адна гадзіна паміж дзвюма паловамі працоўнага дня, а трэба ўсё паспець – ад наведвання цырульні да закупкі прадуктаў.
На рынку ў гэты час не праціснуцца. Вунь і дзве маладзенькія жанчыны мітусяцца. Як трысцінкі, хіляцца пад цяжарам сваіх пакупак, кідаюцца ад аднаго прылаўка да другога.
– Кацька, я за мылам гаспадарчым, а ты хлеб купі!
– А які браць? Белы або чорны?
– І той, і другі!
Каця прыкметна нервуецца, на гадзіннік глядзіць. Чарга, ледзь рухаецца… У дадатак наперадзе пажылая жанчына стаіць. Яна дрыготкімі рукамі кожную дробную купюрку мне, вуснамі незадаволена прыцмоквае, маўляў, пачакайце, пакуль я ўсе рэчы ў торбу паскладваю.
– Давайце ж хутчэй! – не вытрымлівае Каця і, як толькі пенсіянерка закрывае кашалёк, упэўнена суне грошы і хутка прамаўляе:
– Два белыя, два чорныя. У мяне без здачы!
Пажылы мужчына, якога яна так спрытна абскакала, з прыкрасцю разводзіць рукамі:
– Жанчына, ну што вы? Не адна спяшаецеся…
І тут здалёк раздаецца голас Алены:
– Кацька, тут зніжкі! Дзве мятлы па цане адной! Браць?!
– Бяры і паляцелі! – крычыць Каця. – Праз тры хвіліны абед канчаецца.
– Паляцелі яны! – каментуе пакрыўджаны мужчына. – Вядзьмаркі!
– Гэта не вядзьмаркі, – хіхікае прадаўшчыца, – а клапатлівыя хатнія феі!