– Так, ты маеш рацыю. Трэба ўсё добра абдумаць, а галоўнае, хутчэй. Бо калі мы будзем марнаваць час, то паветра можа стаць яшчэ бруднейшым. А ежа, яшчэ хутчэй стане знікаць з паліц, будзе псавацца… Вунь, шматпавярховыя дамы, таксама бурацца. За гэтую ноч адразу некалькі паверхаў знікла, прама нада мной. І, як ты казаў, істот тут становіцца больш. Можа вось ён, наш шанец пакінуць горад?! У цябе ёсць карта? Пашукаем у ёй самы кароткі шлях.
– Няма. Няма папяровай. Была электронная, але сама разумееш, батарэйкі ў першыя ж дні хутка страцілі свой зарад, ператварыліся ў парашок. Я абышоў усе крамы электронікі, што былі паблізу, хацеў нешта змайстраваць, але няма такой батарэі, што трымала б зарад. Сёння я планаваў прайсціся па аўтамабілях, знайсці нешта вартае, а затым наведаць чыгуначны вакзал… Дарэчы, там дакладна павінны быць карты з паперы. Зараз я туды схаджу, пакуль не сцямнела. Я ўжо бываў там, таму, я хутка, – захапіўся планам Мікалай.
– А як жа твой квадракоптар? Я бачыла, як ты яго запускаў сёння раніцай. Як ён мог працаваць? – пыталася Паліна.
– Гэта быў груган, кружыў над мной. Прыстаў. Куды я, туды і ён. Але потым адстаў ад мяне, калі я схаваўся ад яго ў будынку. Атрымліваецца, ты мяне знайшла дзякуючы птушцы?!
– Не зусім. Я і твой сілуэт бачыла, – казала яна, – Я хачу з табой пайсці, па карту!
Хлопец ужо стаяў ля выхаду. Ён збіраўся і рэфлекторна, злёгку ўсміхаючыся, глядзеў на Паліну.
– Не! Не варта, – казаў ён, спяшаючыся да вакзала. – Заставайся тут. Адпачні. Я не ведаю, дзе і як ты правяла мінулыя дні, але табе варта застацца тут. Паклапаціся пра Яшу ці хутчэй, ён пра цябе паклапаціцца. Пазнаёміцеся бліжэй. Бяры тут што хочаш, еш, што хочаш. Усё роўна нам сыходзіць. Так што, збірай сумкі, шукай усё неабходнае. Я ўпэўнены, ты не з тых, хто будзе рабаваць мяне, не з тых, хто задумаў дрэннае. Заставайцеся тут. Так будзе бяспечней для цябе.
Мікалаю хацелася спадабацца дзяўчыне, таму ён гатовы быў дзяліцца з ёй усім і ісці на рызыкоўныя подзвігі.
Паліна трывожна паглядзела на сабаку, затым падняла вочы на хлопца і сказала:
– Асцярожна…
Мікалай быў ужо ў чорнай вопратцы. Ён схаваў сваю лёгкую ўсмешку пад маскай, абараніў вочы будаўнічымі шырокімі акулярамі. Хлопец кіўнуў і хутка выйшаў з памяшкання.
Яша ў той жа момант ускочыў, падбег да дзвярэй, сеў насупраць іх і стаў чакаць гаспадара.
– Спадзяюся, ён вернецца. Тут жа недалёка… – спакойна сказала Паліна гледзячы на адданага сабаку,