Я паходжу з роду, слыннага сілаю фантазіі і палам жарсці. Мяне называлі вар’ятам, аднак яшчэ невядома, ці не ёсць вар’яцтва найвышэйшым розумам і ці не бярэ ўсё слаўнае і мудрае пачатак з запалёнае думкі, з асаблівага настрою розуму, узнесенага цаною страты звычайнага інтэлекту. Тыя, хто бачыць сны наяве, абазнаныя шмат у якіх рэчах, што недасяжныя для тых, хто бачыць сны адно ўначы. Скрозь туманныя летуценні яны зазіраюць у вечнасць і, прачнуўшыся, трымцяць ад адчування, што ім выпала стаяць на краі вялікае таямніцы. Урыўкамі да іх даходзяць крыхі мудрасці, якія ёсць дабром, і крыху больш – звычайныя веды, якія ёсць ліхам. Тым не менш без стырна і без компасу яны пранікаюць у неасяжны акіян «святла невымоўнага» і зноў, як у прыгодах нубійскага географа*, «agressi sunt mare tenebrarum, quid in eo esset exploraturi».[21]
Што ж, няхай кажуць, што я вар’ят. Прынамсі, я прызнаю, што ёсць дзве адрозныя формы майго псіхічнага існавання – бясспрэчны стан яснага розуму, якому належыць памяць пра падзеі, што склалі першы перыяд майго жыцця, і стан ценю й сумневаў, якія адносяцца да майго цяперашняга жыцця і згадак пра тое, што адбылося ў другой вялікай эры майго існавання. Такім чынам, давайце веры ўсяму, што я буду апавядаць пра першы перыяд, а што да пазнейшага перыяду, то стаўцеся да ўсяго роўна з такім даверам, як яно таго заслугоўвае, або сумнявайцеся, а калі сумнявацца вы не можаце, то ўявіце, што гэта – Эдыпава загадка.
Тая, каго я кахаў у юнацтве і пра якую цяпер ясна і спакойна пішу гэтыя ўспаміны, была адзінаю дачкою адзінае сястры маёй даўно ўжо спачылай маці. Маю кузіну звалі Элеанораю. Усё жыццё мы пражылі разам, сагрэтыя трапічным сонцам Даліны Шматколерных Траваў. Ніводзін чужы след не з’яўляўся ў той даліне, бо ляжала яна далёка-далёка, за ланцугом велізарных узвышшаў, што шчыльна навісалі наўкола, не прапускаючы сонечнае святло ў самыя прыгожыя яе закуткі. Ніводнае сцяжынкі не было пратаптана ў яе ваколіцах, і, каб трапіць у наш шчаслівы дом, трэба было прабрацца праз лісце тысячаў лясных дрэваў, да смерці растоптваючы хараство многіх мільёнаў духмяных кветак. Вось чаму мы жылі самотна, нічога не ведаючы пра свет па-за далінаю – я, мая кузіна ды яе маці.
З панурых земляў, што слаліся па-за высокімі гарамі, што з усіх бакоў абступілі наш край, прасочвалася вузенькая і глыбокая рачулка, ярчэйшая за ўсё на свеце, акрамя вачэй Элеаноры; і, крадучыся звілістым шляхам, яна знікала ў цяністай шчыліне гор, між узвышшаў, яшчэ больш панурых за тыя, з якіх яна брала пачатак. Мы назвалі яе Ракою Маўчання, бо здавалася, быццам плынь яе валодала нейкай сілай бязгучнасцi. Ніякага цурчання не чулася ад яе, лілася яна так лагодна, што перламутравыя каменьчыкі, на якія мы так любілі глядзець, нерухома ляжалі ў глыбіні, кожны на адным і тым жа месцы, выпраменьваючы велічнае ззянне.
Берагі той ракі і яе шматлікіх бліскучых ручаёў, што лёгка рухаліся да рэчышча праз пакручастыя сцежкі, гэтаксама як і неасяжная прастора, што распасцерлася ад самых глыбокіх краёў да самага дна, высланага галькай, – гэтыя мясціны, як і ўся паверхня даліны, ад рэчкі да гор, што апярэзвалі яе, былі засланыя мяккаю зялёнаю