Голад (зборнік). Кнут Гамсун. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Кнут Гамсун
Издательство: Электронная книгарня
Серия: Noblesse Oblige
Жанр произведения: Зарубежная классика
Год издания: 1890
isbn: 978-985-7165-10-0
Скачать книгу
з коньмі, выбіваўся з сілы, як вар’ят, – толькі б паспець своечасова. Зайшоўшы ў будынак, я некалькімі скачкамі пераадолеў сходы і пастукаўся ў дзверы.

      Адказу не было.

      «Ён сышоў! Сышоў!» – мільганула думка. Я тузаю дзверы, яны не зачыненыя, стукаюся яшчэ раз і ўваходжу.

      Рэдактар сядзіць за сталом, тварам да акна, у руцэ ў яго пяро, ён нешта сабе піша. Я вітаюся, з цяжкасцю пераводзячы дых, ён абарочваецца, глядзіць на мяне і трасе галавою.

      – У мяне яшчэ не было часу прагледзець ваш нарыс.

      Моцна ўзрадаваны, што ён, прынамсі, пакуль што не адхіліў маю працу, я кажу:

      – Ну вядома, я ж разумею. Дый тут спяшацца не да чаго. Можа быць, я зайду дні праз два ці…

      – Вядома, вядома, я пагляджу. Зрэшты, у мяне ж ёсць ваш адрас.

      І тут я забыўся сказаць, што ў мяне больш няма ніякага адрасу.

      Аўдыенцыя скончылася, я з паклонамі адступаюся назад і сыходжу. Душа мая зноў поўная надзеі: яшчэ нічога не страчана, наадварот, я яшчэ магу шмат чаго дамагчыся, калі ўжо на тое пайшло. І ў галаве ў мяне нараджаюцца ўсялякія фантазіі, мне здаецца, што на нябёсах ужо вырашана ўзнагародзіць мяне дзесяццю кронамі за мой фельетон…

      Толькі б знайсці які-небудзь прытулак на ноч! Я разважаю, дзе мне лепш за ўсё заначаваць, гэтае пытанне так займае мяне, што я спыняюся пасярод вуліцы. Я забываю, дзе я, стаю, як самотны бакен ў моры, а вакол плёскаюцца і ўздымаюцца хвалі. Газетчык працягвае мне «Вікінга». Цікава, вельмі цікава! Я падымаю галаву і ўздрыгваю: перада мной зноў крама Семба.

      Я хутка адварочваюся, імкнуся як найхутчэй схаваць скрутак і, разгублены, спяшаюся ўцячы па Кіркегатэн, баючыся, як бы мяне не ўбачылі з вокнаў. Я праходжу паўз Інгебрэт, абмінаю тэатр, каля Логена паварочваю і рухаюся ў бок набярэжнай, да фартэцыі. Знайшоўшы вольную лаўку, я зноў аддаюся разважанням.

      Дзе, халера ясная, мне знайсці хоць які прытулак на ноч? Ці няма якой-небудзь дзіркі, дзе я мог бы схавацца да раніцы? Гонар не дазваляў мне вярнуцца назад, у ранейшы свой пакой: я і думкі не дапускаў, каб адмовіцца ад сваіх слоў, я з абурэннем адмахнуўся ад гэтага і адно збянтэжана ўсміхнуўся, яшчэ раз згадаўшы маленькую чырвоную качалку. Воляю ўяўлення я раптам апынуўся ў вялікім, з двума вокнамі, пакоі на Хэгдэхаўген, дзе калісьці жыў: на стале я ўбачыў спод са мноствам бутэрбродаў, якія змянялі свой выгляд, аж пакуль не ператварыліся ў біфштэкс – спакуслівы біфштэкс; побач з’явіліся белыя сурвэткі, горы хлеба, срэбраны відэлец. І тут адчыніліся дзверы, увайшла мая гаспадыня; яна прапанавала мне яшчэ кубачак гарбаты…

      Марныя відзежы і сны! Я пачаў пераконваць сябе, што, калі б я цяпер здабыў якой ежы, галава мая зноў зрабілася б ненармальнаю, мне б давялося змагацца з тою ж ліхаманкаю ў думках, з наплывам вар’яцкіх фантазій. Такі ўжо я быў: ежа прыносіла мне шкоду, гэта было маё дзівацтва, мая асаблівая ўласцівасць.

      Магло стацца, што я яшчэ знайшоў бы сабе прытулак пазней, пад вечар. Спяшацца не было куды: у самым кепскім выпадку я мог бы знайсці сабе месцейка дзе-небудзь