Далей пойдзем шпарчэй, пакінуўшы дакладны аналіз „Пратэя” на нейкую іншую нагоду альбо каму іншаму. Адзначым толькі, што ўнутраны маналёг Стывэна характарызуецца глыбокай эрудыцыяй; словы служаць Стывэну ня столькі ў якасьці ўмоўных знакаў для абазначэньня вонкавага сьвету, колькі крыніцай роздуму над гэтым сьветам. Натура ўнутранага маналёгу ў Стывэна, як і належыць „барду”, лірычная. Мастацтва дадзенага эпізоду – філялёгія, што тлумачыць адмысловую стылістычна-лексычную фактуру тэксту.[30]
Бачачы дзьвюх акушэрак, якія выбраліся пагуляць каля мора, Стывэн зьвяртае думкі да праблемы нараджэньня і бацькоўства. Спачатку яму прыходзіць на роздум камічная ідэя сусьветнага тэлефону, які праз пупавіны спалучае ўсіх жывых з Эдэмам, з прамаці Эвай (якая, дарэчы, ня мела пупа, бо не нарадзілася, а паўстала з Адамавага рабра). Сваё нараджэньне, дзеля якога бацькі „счапіліся й разлучыліся, зьдзейсьнілі волю спаравальніка”, ён супрацьстаўляе боскаму „стварэньню зь нічога”. Выпадковасьць фізычнага зачацьця ніяк не суадносіцца з боскім lex eterna, у якім усё прадугледжана („спакон вякоў Ён пажадаў мяне, а цяпер ужо ня можа аджадаць ніколі”). Зноў усплывае ерасіярх Арый зь ягонай ерасьсю адносна адзінасутнасьці Айца Сыну (Джойс стварае жахлівы „багаслоўскі тэрмін”: „адзінапразьмервялікажыдапрутнасьць”). Нешчасьлівы канец Арыя, напярэдадні пакаяньня і паяднаньня з афіцыйнай царкоўнай дактрынай, таксама знаходзіць сваё ўпамінаньне (не забывайма, што Джойс атрымаў салідную падкаванасьць у тэалёгіі і царкоўнай гісторыі ў езуіцкіх школах).
Стывэн адчувае павевы „кусьлівых ветрыкаў” ад мора і прыраўноўвае накат пеністых хваляў да „белагрывых скакуноў Манаана”(Манаан – кельцкі марскі бог, надзелены падобнай здольнасьцю пераўтварэньняў, як Пратэй). Наступны за гэтым даўжэйшы фрагмэнт маналёгу прысьвечаны разгляду тых „модусаў” існаваньня, якія даступныя Стывэну ў Ірляндыі. Ён прыгадвае свайго дзядзьку Рычы („зап’янелага маларослага рахункавода”) зь ягоным штодзённым мадзеньнем. Ірляндыя бачыцца яму краінай з „дамамі распаду”. Кар’ера сьвятара высьмейваецца ім як пусты рытуал „служкаў божых,