Трэці эпізод, „Пратэй”, зьяўляецца амаль поўнасьцю ўнутраным маналёгам Стывэна. Вонкавыя падзеі ў ім вельмі ўбогія: Стывэн пасьля заняткаў у школе ідзе берагам мора, якое якраз пачынае прыліваць, раздумвае, прысядае на скале, складае чатырохрадкоўнік. Здалёк бачыць дзьвюх жанчын, потым мінаецца з парай зьбіральнікаў малюскаў ды іхнім сабакам. Эпізод уключае ўсяго адзін радок дыялёгу, калі ўласьнік сабакі кліча яго да сябе. Чытач амаль увесь час знаходзіцца ў хуткаплынным і зьменлівым рэчышчы Стывэнавых думак. Мэтафарай эпізоду ёсьць Стывэнава змаганьне з богам Пратэем – сымбалем зьмены і рэлятывізму – з мэтай ухапіць трывалы і аб’ектыўны кшталт рэчаіснасьці, уключна з саматоеснасьцю героя.[28] „Пратэй” – прыклад вялікага моўнага майстэрства і першая нагода для чытача сутыкнуцца з тым, што называюць „цяжкім Джойсам”.
Непазьбежная мадальнасьць бачнага: сама менш тое, калі ня болей, маёй думкай кіруюць мае вочы. Подпісы ўсіх рэчаў, што я прыйшоў сюды прачытаць, рыбамалеча й водарасьліны, набліжэньне прыліву, той парудзелы бот. Смаркатазялёнае, срэбнасіняе, рудое: каляровыя знакі. Межы празрыстасьці. Але ён дадае: у целах. Значыць, іх цялеснасьць ён усьвядоміў раней, чымсьці іх каляровасьць. Як? Ляснуўшыся аб іх мазгаўнёю, няйначай. Асьцярожна. Ён быў лысы й мільянэр, maestro di color che sanno. Мяжа празрыстасьці ў. Чаму – у? Празрыстасьць, непразрыстасьць. Калі можна прасунуць праз тое пяцярню, гэта весьніцы, калі не, дзьверы. Заплюшчы вочы й глядзі.
Стывэн заплюшчыў вочы й слухаў, як хрумсьцяць крохкія ракавіны й водарасьці ў яго пад чаравікамі. Сяк ці так, ты праз гэта йдзеш. Іду, крок празь нейкі час. За кароценькі прамежак часу праз кароценькую часінку прамежжа. Пяць, шэсць: гэта nacheinander. Дакладна: і гэта ёсьць