Таварыства кнігалюбаў. Андрэй Лазар. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Андрэй Лазар
Издательство: Электронная книгарня
Серия:
Жанр произведения: Современная зарубежная литература
Год издания: 2016
isbn: 978-985-7097-38-8
Скачать книгу
здараецца, блізкасць была вельмі далёкай.

      Успаміны гараджаніна

      Сталася так, што я быў удзельнікам амаль легендарных для цяперашняга дня падзей. Пра іх я і хачу пакінуць памяць сваім дзецям і ўнукам, каб ведалі, як усё было насамрэч, і расказвалі сваім нашчадкам пра неверагодныя прыгоды свайго бацькі, дзеда, прадзеда і г. д. Пішу я свае ўспаміны яшчэ і дзеля навукі, якая заўсёды хаваецца за такімі падзеямі, а таксама з тае прычыны, што люблю свой горад, дзе нарадзіўся, вырас і ў якім, напэўна, застануся назаўсёды. Менавіта мой горад хавае столькі таямніц, гісторый і чутак, што яму пазайздросцяць нават самыя містычныя месцы свету. Аднак легенды і паданні – гэта адно, а вось схаваныя за імі рэчы часта аказваюцца яшчэ больш дзіўнымі і незвычайнымі. Але пра ўсё па парадку.

      Я з’явіўся на свет якраз у той год, калі адбыўся Першы гарадскі сход. І як многія мае аднагодкі, займеў летапіснае імя. Кажуць, што падчас майго нараджэння адбывалася сонечнае зацменне, але пераправяраць падобныя байкі я не наважыўся, таму за што купіў – за тое прадаю. Калі хто-небудзь засумняваецца ў зацменні, можаце смела правесці даследаванні і вызначыць сапраўдныя гістарычныя факты. Толькі потым раскажыце мне ці ўпішыце ў мае ўспаміны. Мне ж сёння нашмат цікавей чалавечая памяць, вусная гісторыя, якая і памыляецца, і расказвае адначасова, як людзі запомнілі сваю эпоху.

      Я рос у сям’і галоўнага банкіра горада, выдатна вучыўся: абавязковыя прадметы за курс школы былі здадзеныя на найвышэйшы бал. Усе на нашай вуліцы, а гэта былі ў асноўным паважаныя людзі горада, казалі бацькам, што з мяне выйдзе выдатны прадаўжальнік дынастыі. Але я не апраўдаў агульныя чаканні. Спачатку. Справа ў тым, што апроч энцыклапедый і падручнікаў я з маленства захапіўся мастацкай літаратурай. Ніхто на гэта не запярэчыў, наадварот заахвочвалі, бо чытанне лічылася вельмі карысным для разумовага развіцця дзяцей. Аднак ніхто не чакаў, што я зайду так далёка і вырашу прысвяціць сваё жыцце той самай мастацкай літаратуры.

      Напачатку, зусім малым хлопчыкам, я любіў паездкі за горад. Я бясконца назіраў за тым, што яшчэ называлася прыродай. За рознымі там казюркамі, дрэўцамі, травінкамі. Гэта прыносіла сапраўдную асалоду, я лавіў кожную хвілінку негарадскога наваколля. Потым пачаў прыслухоўвацца і да з’яў, якія адбываліся каля маёй хаты, стараўся асэнсаваць іх, адчуць, апісаць. І я зразумеў, што пад маімі нагамі неверагодны свет, які немагчыма раз і назаўсёды адкрыць і вывучыць. Можна толькі паспрабаваць. І я спрабаваў і запісваў свае спробы. Затым мне захацелася пачытаць кнігі з бібліятэкі майго прадзеда. Той меў за хобі збіранне старажытнай літаратуры і за сваё жыццё сабраў агромністую бібліятэку. Мой шаноўны продак нават склаў спіс абавязковых кніг для членаў яго сям’і. Я ў тым спісе і захрас. Пасля такой літаратурнай адукацыі я напісаў некалькі вершаў і апавяданне. Мяне ўхвалілі, а апавяданне надрукавалі ў спецыяльнай дзіцячай газеце. Я быў на сёмым небе ад шчасця, няхай недзе глыбока ў душы і здагадваўся, што прозвішча бацькі ў гэтай справе вельмі дапамагло.