Трынаццаць дзён (зборнік). Анатоль Кудласевіч. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Анатоль Кудласевіч
Издательство: Электронная книгарня
Серия:
Жанр произведения: Поэзия
Год издания: 2014
isbn: 978-985-7021-57-4
Скачать книгу
іка па 7 лістапада мінулага года, або да тых літаратараў, якія штодзённа запісваюць свае ўражанні і думкі. Колькі ні прымушаў сябе, не мог рэгулярна весці такія запісы, а толькі тады, калі нейкія Сілы абступаюць мяне з усіх бакоў сцяною і ў мяне застаецца вузенечкі віхлясты калідор, па якім я выбягаю да сябе нармальнага, – вось у такія часы я і хапаюся за «дзённік» і запісваю ўсё, што са мной адбываецца.

      Наколькі гэта магчыма для чалавека, захаваў усё так, як было ў маіх абрывістых і ліхаманкавых запісах: штосьці згубілася, штосьці я парваў і выкінуў ці спаліў – яго ўжо ніколі не вернеш, як нельга павярнуць назад нават імгненне нашага жыцця. Я захаваў усе словы, думкі (нават недарэчныя), якія прыйшлі ў «тым» стане, захаваў паслядоўнасць запісаў і храналогію датаў, калі гэта адбывалася. Адзінае, што прыўнёс ад сябе, – гэта архітэктоніка. Безумоўна, лепш было б надрукаваць так, як было ва ўрыўках, напісаных маёю рукою: на пачках цыгарэт, на старонках кніг, газет і часопісаў (што траплялася пад руку), нават на шпалерах і на далоні сваёй рукі, – але гэта немагчыма таму, што мой почырк магу чытаць толькі я і пішу іншы раз не толькі словамі, а і знакамі, «меткамі», вядомымі толькі мне «вузлякамі на памяць». Безумоўна, рукапісны варыянт лепей пераконваў бы ў тым, што я не ўмею хлусіць у такіх рэчах.

      Шмат загадак і таямніц звязана і з машынапісным тэкстам. Калі пачаў пераводзіць рукапіс на машынку, са мной і вакол мяне таксама адбываліся непаразуменні і дзівосы, па якіх я вывяраў і пераправяраў правільнасць і праўдзівасць шляхоў свайго тэксту. Напрыклад, сарваліся са сцяны і ўпалі дзве кніжныя паліцы (я сам іх прыбіваў здаравеннымі дзюбялямі!), упалі ў пядзі ад галавы майго сына, які гуляў на падлозе з цацкамі; або, калі я выдрукоўваў «д’яблава кола» – ноччу прыснілася, што ўзарвалася машынка «Ятрань», выбухнула, нібы ядзерная бомба, а на другі дзень, калі ў гадзіны чатыры ночы жонка зазірнула ў кабінет, а я сяджу і ўсё выстукваю «кола», – яна моцна пакрыўдзілася і раззлавалася, не паспела легчы ў ложак, як тут жа лопнула лямпачка, – я зразумеў, яна мае рацыю – ужо запісаўся не ў той бок, хуценька памаліўся і ў пасцель: «Прабач, я вінаваты. Больш не буду, вунь мой анёлак нават лямпачку ў кабінеце разбіў, каб ты не хвалявалася».

      Я даўно зразумеў: выпадковасцей няма! Выпадковасці ўяўленыя, і толькі тады – калі яшчэ глядзіш на свет цялеснымі вачыма. Калі пачынаеш хоць крышачку разумець штосьці, бачыш, што нават муха, якая села табе на руку, або абліцовачная плітка, што сарвалася са сцяны як бы сама сабою, настолькі абгрунтаваная ў сваім палёце і падзенні, настолькі выцякае з мільярдаў прычын і вынікаў, з усяго твайго жыцця, настолькі падпарадкаваная вышэйшай логіцы, што сапраўды «ні адзін волас не ўпадзе» без волі Божай. Вось вам і «яблык Ньютана», які пераварочвае светапогляд: трэба ж упасці на тую галаву, у тыя думкі і ў той час – ці не зашмат супадзенняў?

      Я захаваў усё, наколькі мог, адзінае, паўтараю, што прыўнёс ад сябе, – архітэктоніка. У сваё апраўданне скажу, што гэта таксама не «выпендрож» і літаратуршчына – рабіў дзеля таго, каб максімальна наблізіць машынапісны варыянт да рукапісу і перадаць тое, што немагчыма данесці звычайнай фразай. Пісалася ўсё на адным дыханні: і «крыж», і «клетка», і ўсё астатняе – адно, з чым прыйшлося паваждацца, гэта «круг долі», менавіта тады – і «машынка» ўзарвалася, і лямпачка лопнула, і шмат чаго іншага здарылася. Хутчэй за ўсё «круг» – гэта пастка, у якую заціснулі маю душу і энергію (першапачатковы сэнс я захоўваў у любым выпадку, проста ўтрамбоўваў гэты сэнс у зададзеную форму). Варыянтаў «кола» было сем ці восем, а мо і ўсе трынаццаць, я не лічыў: чым больш намагаўся ўдасканаліць «кола», тым больш яно павялічвалася ў памерах, як снежная гурба, станавілася вуглаватым, тым больш заставаўся я незадаволены вынікам, і тым большае жаданне ўзгаралася зрабіць яго беззаганным, без сучка і задзірынкі. А потым я зразумеў, што мяне «злавілі» якраз на жаданні славы, на тым, каб ніхто і ніколі не змог перасягнуць мяне ў майстэрстве, на ганарыстасці, на якую купіўся і сам Люцыпар.

      На маю думку, гэтая рэч без пашкоджанняў будзе існаваць толькі ў беларускім літаратурным сусвеце, яе нельга перакласці на іншую мову, хаця б таму, што ў беларускай мове слова «Ісус» складаецца з чатырох літар, а ў рускай з пяці; што слова «вось» у роднай мове гэта і ўказальная часціца, і стрыжань, на якім штосьці круціцца, што «справа» – гэта значыць з правага боку і, калі сказаць па-руску, то гэта яшчэ і «дело» і г. д., што ячшэ раз пераконвае: беларус, паляк, (латыш, іспанец…) можа вытлумачыць і спазнаць сябе, спасцігнуць нейкія ісціны толькі той мовай, якую даў Бог, таму што перад тым Ён даў яму душу беларуса або іспанца, а ўжо потым ён пачаў вучыць СВАЮ мову як адэкватнае адлюстраванне беларускай ці іспанскай душы, замацаванае ў слове. Вывучаючы мову – спазнаеш сябе, а спазнаваць сябе праз іншую мову – тое ж самае, што калоць дровы хірургічным скальпелем. Мова не цацка, мова – Дух!

      Шмат таямнічага звязана і з машынапісным тэкстам, і я папрашу рэдакцыю, калі гэта магчыма, – пакінуць маю нумарацыю старонак! Чаму? Не ведаю, напэўна, і яны штосьці значаць? Іначай нельга, так трэба. Чаму? А чаму я быў 13 дзён як у ліхаманцы? Чаму ўсё пачалося менавіта 26 чысла? Чаму я жыў у 26-м пакоі, калі насіў мянушку Кудлаты? Чаму, калі ад майго ўзроста адняць 26, то атрымаем 7 гадоў, час, калі вядуць дзіця на першую