Такія вось акалічнасці справы. Цяпер жонцы не дазволена пакідаць пакой. Ніхто нічога не патлумачыў. Муж амаль звар’яцеў. Ён і я ведаем пра вампіраў вельмі мала, хіба толькі назву. Мы думалі, што гэта дзікая казка чужынскіх краінаў. І цяпер тут – у самым сэрцы Англіі, у Сасэксе… Але ўсё гэта можна абмеркаваць з вамі зранку. Вы не адмовіцеся сустрэцца са мной? Пагодзіцеся скарыстаць свае незвычайныя здольнасці, каб дапамагчы разгубленаму і напаўзвар’яцеламу чалавеку? Калі так, калі ласка, дашліце тэлеграму на імя Фэргюсана (Чызмэн, Лэмберлі), і я буду ў вас а дзясятай.
P.S. Калі не памыляюся, ваш сябра Ўотсан граў у рэгбі за Блэкхіт, а я быў трохчацвярным за Рычманд. Гэта адзіная рэкамендацыя, якую я магу прадставіць.
– Безумоўна, я яго памятаю, – сказаў я, адклаўшы ліст. – Вялікі Боб Фэргюсан, найлепшы трохчацвярны рычмандцаў. Такі дабрадушны. Гэта цалкам у яго характары – непакоіцца за сябра.
Холмс паглядзеў на мяне і пакачаў галавой.
– Вы не перастаяце здзіўляць, Ўотсан, – сказаў ён. – У вас проста безліч неспазнаных магчымасцяў. Будзьце ласкавы, запішыце тэкст тэлеграмы: “Ахвотна зоймемся вашай справай”.
– Вашай справай?
– Ён не павінен думаць, што ў нас тут прытулак для ідыётаў. Безумоўна, ён пісаў пра сябе. Дашліце яму тэлеграму і давайце забудземся на гэта да раніцы.
Роўна а дзясятай наступнага ранку Фэргюсан зайшоў да нас. Я памятаў яго высокім хударлявым хлопцам, вельмі рухавым і незвычайна спрытным, што дазваляла яму неаднакроць перамагаць каманду суперніка. Ці можа быць штосьці больш прыкрае і балючае, чым праз гады сустрэць чалавека, толькі вельмі аддалена падобнага да выдатнага спартоўца, якім я ведаў яго ў часы росквіту? Яго моцнае цела нібы ўсохла, ільняныя валасы парадзелі, плечы апусціліся. Баюся, мой выгляд выклікаў у яго падобныя пачуцці.
– Вітаю, Ўотсан, – сказаў ён, і голас яго быў па-ранейшаму глыбокі і сардэчны. – Вы не падобны да хлопца, якога я выкінуў за канаты ў натоўп на полі ў Олд-Дзір.[1] Думаю, я таксама крыху змяніўся. Але мяне састарылі апошнія дзень-два. З вашай тэлеграмы, містэр Холмс, я зразумеў, што няма сэнсу ўдаваць з сябе чыйгосьці прадстаўніка.
– Прасцей дзейнічаць наўпрост, – адказаў Холмс.
– Безумоўна. Але вы можаце ўявіць, як складана гаварыць пра жанчыну, якую ты павінен абараняць і падтрымліваць. Што я магу зрабіць? Як мне ісці ў паліцыю з такой гісторыяй? Дый дзяцей трэба бараніць.