Можа, лягчэй ставіцца да ўсяго? Як да самай азартнай, захапляючай гульні?..
Ты ляжыш, ты не спіш, ты перагортваеш старонкі сваёй долі, якая так падобна да долі кожнай… Ты пішаш начную аповесць свайго кахання, якое нясеш столькі гадоў, знаходзіш яго і страчваеш… А потым зноў пачынаеш верыць у яго і чакаць… І яно заўсёды зноў прыходзіць нечакана…
Вялікае вар’яцтва сэрца пачынаецца нечакана. Раптам ты разумееш, што ён – гэта ён. А ўсе іншыя – чужыя. Увесь свет звужаецца ў нейкі асляпляльны бялюсенькі пучок праменняў, і ў ім – яго імя, жыццё і словы. З гэтага часу ён – абрэвіятура Сусвету. Ты пачынаеш разумець: няма іншага твару, вачэй, якія мелі б такую магічную ўладу над табой і ўсім, што ты робіш. Кожны твой жэст і ўздых цяпер – яму. Сэрца вар’яцее, ты дастаеш яго, кладзеш на далонь, працягваеш: «Бяры – яно тваё. Не трэба абяцаць, што будзеш кахаць мяне вечна. Кахай цяпер. Я ведаю: ты загубіш мяне, а я – цябе. Але гэта будзе потым. А цяпер, зараз мяне захліснула хваля пяшчоты, і яна з мяне перацякае ў цябе. Ёсць толькі воблака жадання, і хочацца музыкі дотыкаў…».
…Табе ўжо сорак пяць. І ты зноў трапіла ў гэтую пастку.
«звычайны вечар на раздарожжы калі сустрэчу вясна варожа і абяцае ўсім каханне і нават каву ўсю ноч да рання анёл русявы пастукаў у дзверы мне на забаву а мо для веры».
Ён і праўда Анёл. Таварыш – акцёр – год таму запрасіў яго ў тэатр (лішнія грошы ніколі не зашкодзяць) у масоўку. Для спектакля патрэбна было шмат анёлаў: рэжысёр ставіў нейкую «Нябоскую камедыю». Тэксту – усяго тры словы. Трэба было рабіць дзве рэчы: лапатаць крыламі і быць прыгожым. Ён быў «пятым анёлам злева» – хуліганам, змоўшчыкам і мілым інтрыганам.
Ружова-блакітныя пушынкі бутафорскіх крылаў лезлі яму ў рот, давялося шмат лазіць па нейкіх лесвіцах, лятаць у паветры і «страляць» з аўтамата Калашнікава. Той, хто можа рабіць усё гэта амаль штовечар падчас цэлага тэатральнага сезона за мізэрную плату, – сапраўдны Анёл…
Ты зноў трапіла ў пастку, зноў ашукалася і пагналася за чарговым, мабыць, міражом. Ну і што з гэтага? Ты ж – шчаслівая. Цяпер і сёння. I love you, Анёле!
У сорак пяць ты пачала жыць з водарам авантурызму, забегла ў чужое юнацтва – ён маладзейшы за цябе на дзесяць гадоў і на столькі ж старэйшы за твайго сына. «Оля-ля, што ты робіш?» – гаворыць табе тваё «дзённае» сэрца. А «начное»: «Усё нармальна». «Дзённае»: «Табе не сорамна?» «Начное» ў адказ: «Ніколечкі! Адчапіся!»
Рацыянальны, прагматычны сын неяк мякка заўважыў: «Ты ж ведаеш, ма, што такія раманы, такія шлюбы – недаўгавечныя. Я не хачу, каб табе зноў было балюча». Пра шлюб і гаворкі няма. Ты ўжо была там, і табе не вельмі спадабалася. А пачуцці – не лічбы, не падручнік па матэматыцы. І не трэба думаць пра дрэннае: усе думкі матэрыялізуюцца. Ды і да здрад мне не прывыкаць. Не хвалюйся, сынок! Усё будзе нармальна! Проста так сталася. Узрост ніколі не абараняе нас ад кахання, але каханне абараняе нас ад узросту. Усё, што будзе, будзе